Хамут
Элемент конскай вупражы. Значнае месца ў сiмвалiзацыi Х. займае яго форма круглая, замкнёная, полая прастора. Гэта спрыяла замацаванню за Х. устойлiвай генiтальнай характарыстыкі (параўн. фалічную сімволіку каня). Прадзяванне праз Х. у народнай традыцыi стасавалася з новым нараджэннем, адраджэннем, i таму гэты прадмет знайшоў шырокае выкарыстанне ў народнай медыцыне. Х., пажадана толькi што зняты з потнага каня, надзявалi на спалоханае дзiця, клалiся галавой у Х. пры прыступах лiхаманкi. Адзяванне Х. «нячэснай» нявесце таксама мела асновай абыгранне яго вонкавага выгляду, няцэльнасцi, якая ў абрадавай свядомасцi спалучалася з «няцэльнасцю» дзяўчыны, што страцiла дзявоцкасць. З Х. звязаныя i варожбы дзяўчат: дзве з iх трымалi Х., а трэцяя з завязанымi вачыма iмкнулася трапiць у яго галавой, што прадказвала хуткае замужжа. У шэрагу рытуалаў Х. выступае ў якасцi iнфармацыйнага канала, якi забяспечвае сувязь памiж жыццём i смерцю, памiж людзьмi i чараўнiкамi . Х. адзявалi, каб пабачыць чарцей, каб абярнуцца ў ваўкалака. Гледзячы праз Х., верылі ў магчымасць пабачыць душы продкаў, якiя збiралiся на «дзядоўскую» вячэру. Надзяванне Х. лiчылася апошнiм сродкам наблiжэння смерцi чарадзею i палягчэння ягоных пакутаў. Навылётная адтулiна Х. у гэтым выпадку прыпадабнялася дзiрцы ў посудзе (гл. Гаршчок) цi ўзнятай дошцы ў столi, якiя «ўцягвалi» ў сябе грэшную душу. Відавочна, той, хто надзяваў Х. цi глядзеў праз яго, умоўна браў на сябе ролю прадстаўнiка таго свету, уступаў з iм у кантакт або адкрываў доступ таму ў справы чалавека, да прыкладу насылаў хваробу. Ускладаць на сябе Х. у сне азначала бяду, турботы, клопаты, а надзяваць на каня хуткае падарожжа. Слова «хамут» ужывалася ў якасці зневажальнага («Дурны як хамут!», «Хамут ты!»).