| |
|
|
ШкурапетФальклорны казачны персанаж, дзед. Тыпалагiчна роднасны змею Шкурапею, змяі Шкурапеі. Характэрная рыса дзеда Ш. наяўнасць аднаго вока, што звязвае яго з таксама аднавокiмi персанажамi беларускай мiфалогii «дзiкiмi людзьмi» i ў больш шырокiм кантэксце ўводзiць у кола iстотаў з анамальнай колькасцю вачэй (беларускi Жыцень, iндыйскi Шыва, што мелi па тры вокi). Анамалiя Ш., як i дзiкiх людзей, мае негатыўную семантыку i сiнанiмiчная з такiмi цялеснымi недахопамi, як кульгавасць i гарбатасць, выразнымi маркёрамi нячысцiкаў. У сваiм адмоўным значэннi Ш. блiзкi да мiфалагiчнага грэцкага цыклопа Палiфема. Характэрна, што, як i ў грэцкiм мiфе, тут прысутнiчае матыў асляплення гэта робiць каваль, льючы гарачую смалу (казка «Дзiкi Бурма»).
|