| |
|
|
ЧацверЧацвёрты дзень тыдня. Лічылася, што аўторак і Ч. (як цотныя дні) найбольш спрыяльныя для пачатку пабудовы хаты, каб у ёй усяго было ў пару, прычым пажадана, каб час узвядзення новабудоўлі ахапіў Тройцу (параўнай рускае: «Без Троицы дом не строится»). Беларусы былі перакананы, што гэта самы спрыяльны дзень для засолкі або квашання прадуктаў харчавання. Можна было ставіць на зіму капусту. Але забаранялася садзіць гародніну і саліць сала, бо дзень лічыўся «чарвівым». Як правіла, у гэты дзень хадзілі па вёсцы і запрашалі гасцей на вяселле, а таксама распачыналі жніво, спраўлялі зажынкі. Аднак існавала катэгарычная забарона хадзіць у сваты да дзяўчыны ў той дзень, калі памёр яе бацька. Каб быць багатым на працягу года, пазногці трэба стрыгчы толькі ў Ч. на маладзіку, а таксама есці бліны ў Ч. на масленічным тыдні. На працягу года ўшаноўвалі некалькі Ч.: на Масленічным тыдні, перад Вялікаднем, на велікодным тыдні, перад Сёмухай. Ч. на Масленічным тыдні лічыўся днём Воласа (Вялеса) богаахоўніка хатняй жывёлы, у гэты ж дзень абязджалі маладых коней, а таксама на высокі пагорак за вёскай вывозілі саламянае пудзіла, каб затым у нядзелю спаліць яго.У Чысты чацвер трэба было пакупацца ў крынічнай вадзе на ўсходзе сонца (пакуль воран сваіх дзетак не пакупаў), тады твар будзе чыстым і белым. У больш позні час гэты абрад быў замены звычайным купаннем у лазні. На Віцебшчыне ў Чысты чацвер на ўвесь дзень на полі ставілі які небудзь посуд з вадой. Гэта вада лічылася «святой» і валодала гаючымі якасцямі. Калі ж карова пачынала даіцца крывёю, то яе вымя трэба было абцерці змочанай у гаючай вадзе рукой. У беларускіх валачобных песнях можна сустрэць наступныя апісанні Чыстага чацвярга і тых сялянскіх клопатаў, якія з ім былі звязаны: «Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе святому Вялічку», «Чысты чацвер ячмень засяваець». У каталіцкіх храмах званы заціхаюць у Ч. на страсным (перадвелікодным) тыдні і маўчаць да палудня нядзелі. У некаторых месцах у Ч. на велікодным тыдні хадзілі на могілкі ўшаноўваць продкаў (Наўскі Вялікдзень). Шматлікія беларускія знахары сцвярджаюць, што любоўныя нагаворы (прысушкі) лепш за ўсё выконваць у Ч. На Беларускім Палессі існавала традыцыя рашчыняць каравай у Ч., аднак, лічылася, калі хтосьці з маладых нарадзіўся менавіта ў Ч., то звычай патрабаваў рашчыняць на дзень раней (у сераду), у рэдкім выпадку у пятніцу. Пры гэтым імкнуліся распачынаць адказную справу ў той момант, калі Сонца хоць на хвіліну выгляне зза хмар, каб жыццё маладых не было пахмурным. |