Стрыбог і вятры

Богам паветра і гаспадаром вятроў з'яўляецца Стрыбог. Паветра — гэта яго дыханне. Бог дыхае спакойна і роўна, але калі ўзлуецца — усчыняе жахлівую навальніцу. Памагатыя Стрыбога — вятры. Яны ачышчаюць паветра, а то б людзі задыхнуліся ад смуроду.

Вятры — гэта пачварныя, пузатыя мужчыны з доўгімі, падобнымі да гусінае дзюбы губамі. Дзюба гэтая, каб вылятаў цёплы вецер, шырока раскрываецца, а каб халодны — шчыльна сціскаецца, пакідаючы на канцы толькі малую адтуліну. Вятры стаяць з усіх чатырох канцоў Свету і дзьмухаюць адзін да друтога, з чаго і ўтвараецца вецер.

Вятроў некалькі. Яны маюць імёны: Свістун, Ледавік, Снегавік, Хухуч. Ёсць у іх і іншыя імёны: Мяцеліца — восеньскі Вецер, Круцеліца — снежаньскі, Вярцеліца — студзеньскі, Макраваты — лютаўскі, Крупкі — красавіцкі. Самы сярдзіты сярод іх — Сівер, які дзьме з поўначы. Ён халодны нават сярод лета.

Як круціць у паветры, то гэта сышліся два Вятры ды дужаюцца, ды круцяцца, каб памерацца, хто з іх дужэйшы. Калі ў гэты час яны паварушаць хмары, то пойдзе дождж. Як хмары супакояцца, дык і дождж спыніцца.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff