| |
|
|
Сож I ДняпроСож I Дняпро Сярод пушчаў і бароў, на прыгорку, стаялі калісь харомы вялікага валадара, сівавалосага старца Рыдана. 3 канца ў канец зямлі хадзілі чуткі пра Рыданава багацце. Больш за ўсё славілася схаваная за дванаццаццю дзвярамі, дванаццацю замкамі залатая Рыданава карона. Як адмыкалі замкі, адчынялі дзверы і выносілі тую карону на свет, то калі была ноч, яна днём станавілася, а калі была зіма, то перамянялася ў лета,— так зіхацелі дарагія камяні на Рыданавай кароне. Зайздросцілі суседнія валадары гэтай кароне і вырашылі здабыць яе ў Рыдана. Зазвалі чараўнікоў, загадалi ім прыдумаць спосаб, каб украсці карону з Рыданавай скарбніцы. Тыя думалі тры дні і тры ночы і прыдумалі скарыстацца Разрыў-травой, каб адчыніць замкі, а каб варту ўсыпіць — выкарыстаць Сон-траву. Прыдумаўшы гэта, паслалі злодзеяў красці залатую Рыданаву карону. Тыя, прыйшоўшы пад харомы, сыпнулі Сон-травы, і ўся варта паснула. Дакрануліся Разрыў-травой да замкоў — тыя паспадалі. Тады ўзялі яны залатую Рыданаву карону і пусціліся назад. Устаў раніцай сівы Рыдан, падышоў да акна — ажно ўся варта покатам спіць, увесь народ у сне непрабудным валяецца. I зразумеў старац адразу, што няма ў скарбніцы яго залатой кароны. Падышоў ён тады да звона, ударыў раз, ударыў два. Прабудзіліся толькі два Рыданавы сыны — асілкі Сож і Дняпро. Звярнуўся бацька да Дняпра і кажа: — Вазьмі, сынок, сталёвую зброю, каваны меч і бяжы садамі, лугамі аж да скалістых гор, дагані цікунцоў з каронай. Схапіўся Дняпро і чым хутчэй пабег, а Сож застаўся пры бацьку. Сеў на залаты пасад стары Рыдан і кажа Сожу: — Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай, ці бяжыць Дняпро? Прылажыў Сож вуха да зямлі і кажа: — Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ. I другі раз кажа бацька: —Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай. Прылажыў сын вуха да зямлі і кажа: — Бяжыць, бацька, але ўжо цяжка .дыхае — шум зямлёй ідзе. I трэці раз сказаў бацька паслухаць сыну. Сын прылажыў вуха да зямлі і кажа: — Гул зямлёй ідзе і крык вялікі. Тады ўстаў Рыдан з насада і загадаў: — Бяжы ж ты, сынку, імхамі, балотамі на падмогу брату, бо адзін Дняпро не праб'ецца праз скалістыя горы. Пусціўся Сож імхамі, балотамі на падмогу брату, а стары бацька застаўся чакаць сваіх сыноў. Доўга чакаў стары, не дачакаўся, з маркоты вялікай пачаў ён плакаць: — Бадай нам, дзеткі мае, слязьмі разліцца. Ды ўлучыў ён такі момант, што такі сапраўды разліліся слязамі браты і стары бацька: у рэкі ўсе трое ператварыліся. Дняпро плыве садамі ды лугамі, Сож — імхамі ды балотамі, а Рыдан — куды вочы глядзяць. |