| |
|
|
Пракляцце бацькоў. НябачныПракляцце бацькоў Пракляцці бацькоў заўсёды падтрымліваліся Багамі і Маці-Зямлёю. Самым страшным пакараннем для беларуса было праваліцца скрозь зямлю. У такім выпадку гінула не толькі цела, але і душа. Такое пакаранне чакала чалавека за дрэнныя ўчынкі супраць людзей, за непаслушэнства дарослых перад Богам, а дзяцей — перад бацькамі. Адна дзяўчына з багатай сям'і палюбіла пастуха. Яна збягала з дому, каб сустрэцца з каханым, і яны разам каталіся на лодцы. А бацька жадаў выдаць яе за багатага чалавека. Аднойчы ноччу, калі была навальніца і возера хвалявалася, бацька, не знайшоўшы дачкі дома, (яна ж у гэтую часіну была ў лодцы з пастухом), пракляў яе. Праклятае возера правалілася скрозь зямлю разам з дзяўчынай і хлопцам. На месцах правалаў скрозь зямлю ўтвараюцца аЗёры ці балоты, якія ніколі не замярзаюць. Глыбіню такіх азёраў немагчыма змераць. Калі ж людзі з цікаўнасці спрабавалі гэта зрабіць, то чулі голас, які іх папярэджваў: «Не мерай вяроўкай, а то памераеш галоўкай». Каб запэўніць людзей у сваёй праўдзівасці, беларус гаворыць: «Каб я скрозь зямлю праваліўся» ці «Праваліцца мне на гэтым месцы». Выкарыстоўваюцца гэтыя словы і ў пракляццях. Калі беларус жадае ворагам пагібелі, ён шле пракляцце: «Каб ты скрозь зямлю праваліўся», «Няхай цябе зямля з'есць». Нябачны Каб прайсці ў нейкае месца незаўважаным, беларус здольны зрабіцца нябачным. Дзеля гэтага ён знаходзіць гняздо з крумкачанятамі і прывязвае іх Да дрэва так, каб старыя крумкачы не змаглі вызваліць сваіх дзяцей з такой няволі. Каб уратаваць крумкачанятаў, крумкачы на другі ж дзень прыносяць у гняздо нейкі чорны каменьчык, які робіць нябачным таго, хто носіць яго з сабой. Ёсць такая птушка, што яе ніхто не бачыць. Калі хто-небудзь яе яйка дастане, то як возьме ў руку, дык адразу стане нябачным. Каб стаць нябачным, можна выкарыстаць шапку-невідзімку. Каб здабыць яе, трэба зрабіць наступнае. Шукаюць струк таго гароху, у каторым дзевяць гарошын. Той гарох сеюць на полі, дзе не чуваць, як пяюць пеўні. Як гарох вырасце, вырываюць сем каліў і моўчкі нясуць іх на бярэмі ў той час, як каровы ідуць з пашы дамоў. Каровы ўбачаць зялёнае гарохавінне ды і пацягнуцца, каб з'есці яго. Тут злодзей выглядае, дзе на валу ці на карове едзе якісь чалавечак у шапачцы. Трэба схапіць з яго тую шапачку. Гэта і будзе шапка-невідзімка. |