Ярыла

Богам урадлівасці, плоцкага кахання і апекуном дзікай жывёлы з'яўляецца Ярыла. Гэта малады прыгожы юнак. Ён раз'язджае па зямлі на белым кані і ў белым плашчы. На галаве ў яго вянок з веснавых кветак, у руках каласы, ногі босыя. Адным з веснавых дзён Ярыла з дазволу Багоў адмыкае нябесную браму і на белым кані па сонечным промні з'язджае на зямлю, каб адчыніць яе.

Ярыла едзе па засеяных нівах. Яго сустракаюць усе жыхары паселішчаў. У людзей на галовах вянкі з кветак. Старыя кіруюць карагодам, які спявае песні ў гонар Бога.

3 Ярылавага дня пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выганяюць скаціну ў поле. Ярыла сам ездзіць на белым кані і ахоўвае жывёлу.

Часам можна бачыць, што паблізу статка бегае воўк, але не чапае скаціны, хоць побач няма пастуха. Гэта нябачны Ярыла ездзіць на ваўку і ахоўвае статак.

Беларусы ўшаноўваюць Ярылу на працягу красавіка. Шанаванне суправаджаецца карагодамі, песням! ў яго гонар, баляваннямі.

Ярыла — апякун плоцкага кахання. Таму не лічылася заганным і саграшыць. На свята Ярылы адбываюцца любоўныя гульні і хлопцы крадуць дзяўчат у жонкі.

Як Ярыла забіў Змея, то Белбог паклікаў яго ды і кажа:

— Калі ты такі асілак, што перамог гэтую страшэнную пачвару, дык я цябе прызначаю гаспадаром над ваўкамі. Супакой іх, бо яны сталі дужа свавольныя і людзі пачалі наракаць.

Ярыла як узяўся за справу, дык ураз угаманіў ваўкоў і паказаў ім іхняе стойла. Ваўкі вельмі баяцца Ярылы, слухаюць яго і душаць толькі таго звера, якога ён ім пакажа. Калі б ён не стрымліваў іх, то ўжо даўно б ніякай свойскай жывёлы не засталося.

Да Ярылавага дня нельга вадзіць коней на начлег, бо ў ваўкоў няма яшчэ гаспадара — Ярылы, і яны псуюць шмат коней. У адпаведную ноч Ярыла збірае звяроў у адно месца і размяркоўвае, куды катораму ісці на лета жыць. Ён замыкае пашчы ваўкам, і тыя перастаюць нападаць на скаціну ці значна змяншаюць колькасць сваіх знішчальных набегаў. Ярыла назірае, каб яны не чапалі скаціну, якая ім не прызначаная. Калі Ярыла хоча пакараць людзей ды папсаваць хатнюю жывёлу, ён сам насылае ваўкоў.

Позняй восенню Ярыла адмыкае пашчы ваўкам. 3 гэтага дня крыважэрныя ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі і нападаць на скаціну.

Памагаюць Ярылу наглядаць за звярамі, што жывуць у лесе, Лесавікі са сваім Гаспадаром.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff