| |
|
|
МакашМакаш — Багіня часу і лёсу людзей, апякунка жанчын і жаночых рамёстваў: ткацтва, прадзення, вышывання. Багіня і сама з'яўляецца выдатнай майстрыхай. Макаш апякуецца над жанчынамі, але і жорстка іх карае за непавагу да сябе. Неяк у пятніцу сядзела вечарам жанчына каля акна і прала. Чуе — нехта пад акном стукае. Глянула — баба старэнькая стаіць, зморшчаная, як сучок. Паглядзела тая баба на жанчыну сурова і пытаецца ў яе: — Чаму ты, маладзіца, так позна прадзеш ды ў гэты дзень? — Як жа мне не прасці, калі ў мяне дзеткі малыя, не пасобяць — самой трэба паспець. — Ну, калі ты такая пільная, на табе сто верацён. Каб ты мне іх да раніцы ўсе напрала. Як сказала тое баба, так і падзелася невядома куды, як скрозь зямлю правалілася. Спужалася жанчына, зразумела, што нешта тут няладна. Думала, думала што ёй рабіць, і прыдумала. Не стала руцнёў прасці, а ўзяла ды па адной нітачцы на кожнае верацяно наматала. Так усе сто верацён да раніцы і заматала. На золку зноў старая прыходзіць і пытаецца: — А што, маладзіца, ці пазапрала мне мае верацёны? Маладзіца паказала ёй верацёны. Тады і кажа ёй старая: — Разумная ты, маладзіца, што так зрабіць здагадалася. Не зрабі ты гэтага, ды вярні мне голыя верацёны, я б цябе саму, як голае верацяно, скруціла і ссушыла б; Я Макаш. Сёння мой дзень. Глядзі, не прадзі ў пятніцу больш. |