Ляля

Вясна пачыналася з прыходам на зямлю Багіні вясны — Лялі. Гэта маладзенькая, прыгожая, высокая дзяўчына. Шанаванне яе беларусамі адбывалася напярэдадні Ярылавага дня.

Звычайна сустракаюць Лялю папаўдні на чыстым лузе. Яна з'яўляецца да людзей у белым адзенні. Дзяўчаты перавязваюць ёй шыю, рукі і стан рознай зелянінаю. На галаву ўскладаюць вянок з веснавых кветак. Потым Лялю саджаюць на дзярновую лаву, на якой з аднаго боку стаіць гладыш з малаком, ляжаць сыр, масла, яйкі, смятана і тварог, а з другога — хлеб. Каля ног Лялі кладуць вянкі з зеляніны адпаведна колькасці дзяўчат. Затым, узяўшыся за рукі, дзяўчаты скачуць вакол Лялі ў карагодзе і спяваюць у гонар яе песню, якая завяршаецца наступнаю просьбаю да Багіні:

Дай нам жытцу

Да пшаніцу,

Ляля, Ляля, наша Ляля!

У агародзе —

Сенажаць,

Ляля, Ляля, наша Ляля! Поўны грады, Роўны зрады. Ляля, Ляля, наша Ляля!

Скончыўшы танцаваць і спяваць песню, карагод сядае ля ног Лялі. Яна раздав ўсім дзяўчатам-карагодніцам малако, масла, сыр і іншыя пачастункі, пакуль, урэшце, нічога не застанецца.

Пасля гэтага дзяўчаты ўстаюць і зноў пачынаюць скокі вакол Лялі, прыпяваючы ранейшую песню. У гэты час Ляля бярэ вянкі і кідае па адным на тых, хто танцуе, пакуль, урэшце, усе дзяўчаты не схопяць па вянку. Гэтыя вянкі яны берагуць як святое да наступнай вясны, а некаторыя і потым, пасля замужжа, іншы раз усё жыццё.

Па заканчэнні абраду некалькі дзяўчат бяруць Лялю пад рукі і ў суправаджэнні іншых праводзяць яе ў далейшы шлях.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff