Кляскун. Той свет

Кляскун

Бог месяца Кляскун — прыгожы, вясёлы і разумны юнак, але вялікі жартаўнік. Ён любіць забаўляцца, палохаючы людзей, асабліва ўначы.

У таго, хто едзе ці ідзе ноччу, ёсць звычайна свае прыкметы, каб не заблукаць у цемры. Кляскун пацяшаецца тым, што перастаўляе гэтыя знакі з аднаго месца на другое. Дзе на перакрыжаванні дарог стаяў магутны дуб, там праезджы раптам бачыць невялікі куст. Вось тут была палянка, бач — а ўжо невялікае возера і дарогі няма. Такімі жартамі ён збівае людзей з дарогі, прымушае блукаць, даводзіць да роспачы і тады рагоча, як шалёны.

Часам Кляскун прыкідваецца добрым знаёмым падарожніка, заводзіць з ім размову і просіць трошкі падвезці. Чалавек згаджаецца. Толькі праедуць яны крыху разам, раптам сані ці калёсы пераварочваюцца ў раўчук, а спадарожнік знікае і толькі дзесьці ўдалечыні чуваць яго свіст і рогат.

Здараецца і так, што праезджы чуе збоку енк, які разрывае душу, ці плач дзіцяці, ці бачыць перад сабою раку. Вопытны беларус ведае, што гэта азначае. Яго не разжаляць гэтыя стогны і плач, не спалохаецца ён і ракі: не прыпыняючыся і не зварочваючы ўбок, працягвае чалавек свой шлях. Гора таму, хто паверыць і прыме за сапраўднае хітрыкі Кляскуна. Ён трапіць у такую багну, што толькі ўдзень, пры дапамозе людзей, вызваліцца з яе.

Той свет

Верх зямлі лічыцца адным Светам, а там, пад зямлёю і вадою, другі — Той Свет. Гэта валадарства Чарнабога. Яно складаецца з Падземнага і Падводнага гаспадарстваў, Наўя і падземных Выраяў.

Наўе — месца ў Падземным гаспадарстве, дзе пануюць смяротныя для чалавека Багі і Духі. Яны нясуць людзям хваробы, забіваюць іх і імкнуцца скрасці душы памерлых з мэтаю прыпыiць вечнае жыццё чалавека.

Падземныя Выраі — месцы, куды на зіму ідуць паўзуны — змеі, вужы, гадзюкі. Ёсць Вырай змяіны, ёсць гадзючы, ёсць вужыны. Гэта вялікія схованкі пад зямлёй, дарогу да якіх ведаюць толькі Гаспадары змей, вужоў, гадзюк і толькі яны вядуць туды сваіх падданых на зіму.

Багі Таго Свету як і Багі Неба, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці людзей. Яны могуць з'явіцца перад чалавекам самі, але часцей дзейнічаюць праз сваіх паведачоў — Багоў і Духаў, якія ім служаць.

У Падземным гаспадарстве таксама жывуць людзі, толькі яны малыя, нядужыя, бо ў іх там не свеціць сонейка. У Падземным гаспадарстве ёсць рэкі, азёры і так шмат вады, што каб яна выступіла на зямлю, то быў бы патоп, які затапіў бы ўвесь Свет.

Пад зямлёю існуе вялікая колькасць лёхаў, якія злучаюць паміж сабою азёры, рэкі, крыніцы Гэтага Свету. 3 бяздонных крыніц падземныя лёхі вядуць да бяздонных віроў вялікіх рэк, да дзікіх азёраў і да гэткіх самых бяздонных крыніцаў-вокнаў на паплавах. Таму ў невялікія, але глыбокія ямы, якія сустракаюцца на лузе, беларусы баяцца кідаць што-небудзь ці мераць іх глыбіню, каб не дражніць Духаў падземнага гаспадарства ці Наўя.

Водная паверхня рэк і азёраў — мяжа паміж Гэтым і Тым Светам. Беларус добра гэта ўсведамляе, таму кажа, што калі ён плыве ў чоўне, то на смерць паглядае. Перад першым купаннем беларус кідае ў ваду кавалачак верхняй скарынкі хлеба, каб не ўтапіцца. Калі скарынка патанула раней, чым выкупаўся чалавек, ці калі яе праглынула рыба, то лепш у тое лета не купацца.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff