Чарнабог. Вялес. Жыжаль. Ох.

Чарнабог

Недзе глыбока пад зямлёю жыве валадар усяго Таго Свету — Чарнабог. Беларусы ўяўляюць яго так: стары, апрануты ва ўсё чорнае і з доўгай чорнай барадой. Чарнабог — стваральнік і гаспадар Таго Свету. Шматлікія Багі і Духі холаду, цемры, хвароб і смерці падначалены яму.

Калісьці разам з Белбогам ён ствараў Сусвет, Зямлю, расліны, жывёл. Але пасварыўшыся з Белбогам, Чарнабог пачаў варагаваць і супрацьстаяць яму ў Сусвеце, змагацца за Гэты Свет і чалавека.

 

Вялес

Бог Падземнага гаспадарства Вялес — апякун багацця і хатняй жывёлы. Гэта магутны волат з доўгімі валасамі і барадой. Ён надзяляе людзей талентам, высокім ростам, добрым голасам, тонкім слыхам. Вялес парадніў чалавека з жывёламі, навучыў выкарыстоўваць іх у гаспадарцы. Ён апякун вешчуноў і спевакоў. Земляробы, шануючы Вялеса, заўсёды пакідаюць яму ў падарунак у полі «бараду» — кавалак нязрэзаных каласоў.

 

Жыжаль

Падземным агнём распараджаецца Бог Жыжаль, якога беларусы завуць яшчэ Жыж. Жыжаль толькі тое і робіць, што расхаджвае пад зямлёю і выпускав з сябе агонь. Калі ён ходзіць паціху, то агонь невялікі і сагравае зямлю. Калі ж хутка, то выпраменьвае вялікі агонь, і частка полымя прарываецца на паверхню зямлі. Ад гэтага загараюцца лясы, балоты, лугі. Пажары выпальваюць сенажаці, хлеб на палях. Зямля ад перагрэву высушваецца, ад чаго агароды і палі робяцца бясплоднымі.

 

Ox

Бажок Ox —маленькі барадаты дзядок, які жыве недзе пад зямлёю. Ox літасцівы і заўсёды шкадуе людзей. Калі чалавек, бядуючы, уздыхае і кажа: «Ох! Ох!» — Бог выходзіць з-пад зямлі і пытае: «Чаго патрабуеш?» Калі чалавек ведае пра гэта ды не спалохаецца і скажа Оху, чаго хоча, то ён яму тое дасць.

 

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff