| |
|
|
Баламуцень. Азярніцы. Расамаха.Баламуцень У Падводным гаспадарстве жыве сам па сабе вадзяны чалавек, якога завуць Баламуцень. Гэта вельмі непрыгожы мужчынскі Дух. Галава яго нагадвае збан, твар азызлы, так што вачэй амаль не відаць, скура гусіная. У яго кароценькія, тоненькія і крывенькія ножкі, вялізны жывот. Баламуцень — халасцяк, але вельмі любіць жанчын. I калі ў Баламуценя падыходзіць пара кахання — ён праводзіць шмат часу ў тых месцах ракі ці возера, дзе звычайна часта бываюць жанчыны: ці купаюцца, ці мыюць бялізну. Баламуцень спачатку толькі жартуе з імі: муціць ваду, скідвае з кладак, шчыпае за лыткі, Гэтак адначасова ён выглядае сабе жанчыну. Бялізну той, якую ён найбольш упадабаў, Баламуцень заганяе да другога берага і, зачапіўшы яе за карчы, чакае. Калі жанчына прыходзіць, ён з'яўляецца перад ёю ў поўны рост. Спачатку жанчына вельмі палохаецца, але Баламуцень напускае нейкія чары, і яна паслухмяна ідзе за ім у Падводнае гаспадарства. Баламуцень ніколі не бярэ жанчын да сябе назаўсёды. Ён адпускае іх дадому, і такія жанчыны не могуць патануць нават тады, калі яны гэтага жадаюць. Азярніцы У возеры, што каля вёскі Брусы на Мядзельшчыне, жылі Азярніцы — істоты, падобныя да маладых жанчын. У Азярніц доўгія зеленаватыя валасы, цёмная скура, ступні ў выглядзе плаўнікоў. I хоць знешне істоты нагадваюць людзей, замест крыві ў іх нібыта вада, і на дотык яны вельмі халодныя. Размаўляюць Азярніцы на незразумелай мове, што нагадвае птушыную. Адзенне носяць сплеценае з багавіння. Па начах, калі свеціць месяц, Азярніцы выходзяць на бераг і спяваюць салоўка мі. Бывае, спяваюць яны і глыбока пад вадою. Тады іхнія спевы нагадваюць жабінае крактанне. Калі раптам які чалавек убачыць Азярніц, ён не павінен сябе выдаваць, бо яны зацягнуць яго ў самую багну, да сябе, і ўжо не адпусцяЦь. Гэта ж чакае і таго, хто асмеліцца выкупацца ў возеры. Расамаха У Расамах — Духаў, што пераважна жывуць у вадзе, ператвараюцца жанчыны, якія загубілі сваіх дзяцей ды і самі ўтапіліся. З'яўляюцца яны перад людзьмі ў постаці жанчыны з распушчанымі валасамі. Аднойчы дзецюкі касілі сена па берагах ракі. Выбралi яны грудок, палажылі там свае кайстры з абедам і пайшлі касіць. Шмат выкасілі, пакуль сонца паднялося ўгору. Пайшоў адзін з іх на грудок узяць біклагу з квасам, аж бачыць, што хтосьці пачапаў торбы, а біклагу павесіў на алешыну. Каб гэта быў сабака, то ён не чапаў бы біклагі. Пачаў дзяцюк слухаць, ці не зашалясціць дзе, і чуе — плача дзіця зусім блізка ў лазе. Ён туды — плач далей. Ён далей — а плач чутны каля самай ракі. Зрабіў дзяцюк выгляд, што вяртаецца, а тым часам ціхенька давай падкрадвацца праз лазу да ракі. А каля ракі бабравіна і бабрОвая хата стаіць. Зірнуў ён, аж на бабровай хаце сядзіць голая жанчына з распушчанаю касою, а на руках трымае маленькае дзіцятка. Гэта яно і плакала. Тым часам жанчына паклала дзіця на калені ды давай шчупаковым грабянцом расчэсваць валасы. Стаіць дзяцюк і дзівіцца: хто яна такая і чаго сядзіць тут на бабровай хаце? Дзіця зноў пачало плакаць. Жанчына давай яго калыхаць. Тым часам астатнія дзецюкі з другога боку пачулі, што плача дзіця, ды і падышлі туды. Толькі тая Расамаха пачула, што праз лазу ідуць людзі, як ускочыла, схапіла аберуч дзіця і кінулася ў бабравіну. Падбеглі дзецюкі, сустрэлі сябра ды і пытаюць яго, ці не бачыў ён якога дзіцяці. А таму няма чаго і казаць, бо калі на свае вочы не бачылі, то і не павераць. Вярнуліся дзецюкі ўсе разам на сенажаць і пайшлі палуднаваць. Прыходзяць на грудок, аж там зноў хтось пачапаў торбы. Здагадаўся" дзяцюк, што гэта справы Расамахі, але змаўчаў. |