Паляндра. Марэна. Смерць. Дзева смерці. Трасцы (Ліхаманкі)

Паляндра

У Наўі, дзе жывуць самыя Нядобрыя Духі, усім кіруе Багіня смерці — Паляндра. Яна, сцвярджаюць беларусы, варожа ставіцца да людзей і таму бывае рада, калі людзі часцей паміраюць. У выглядзе пачварнай жанчыны Паляндра з'яўляецца ў хатах паміраючых людзей і забірае іх душы. Душы гэтыя яна перадае Бабе-Язе, з якой моцна сябруе і часта разам раз'язджае ў адной жалезнай ступе. Калі беларусы гавораць пра смерць якога-небудзь дарагога чалавека, то звычайна адгілёўваюцца, кажучы: «А кыш, Паляндра, не табе б, а кыш!»

Марэна

Усю зіму над зямлёй і людзьмі разам з Марозам пануе смяротны дух Марэна. Гэта старая пачварная баба. Але калі прыходзіць час вясны, Марэна вымушана хавацца ў Наўі да наступнай зімы. У Наўскі Вялікдзень беларусы, здзекуючыся з Духа, топяць куль саломы, прыбраны за Марэну, у першай за вёскай лужыне. Беларусы радуюцца, што па гэтым часе заканчваецца панаванне Марэны.

Смерць

Павядачкай заканчэння зямнога жыцця чалавека з'яўляецца Белая баба, альбо прадвесніца смерці — Смерць. Дух Смерці з'яўляецца ў постаці маладой жанчыны, але з тварам мерцвяка.

Смерць узнікае перад чалавекам раптоўна, слупом вырастаючы з-пад зямлі. Высокая, стройная, пад белым покрывам, набліжаецца, працягваючы да яго рукі і, не даходзячы ўсяго толькі некалькі крокаў, адкідвае назад густы вэлюм, адкрываючы напаўсатлелы твар старой жанчыны-нябожчыцы. Так стаіць яна перад чалавекам некалькі хвілін. Потым, паступова рассейваючыся белым туманам, знікае.

Чалавеку такая сустрэча прадказвае хуткую смерць. Калі ж Белая баба з'яўляецца, але хавае свой твар пад пакрывалам, — чакаць трэба цяжкай хваробы альбо смерці блізкага чалавека.

 

Дзева смерці

Дзева смерці таксама жыве ў Наўі. Адтуль яе пасылае па людскія душы Чарнабог. Дзева смерці — гэта велізарная жанчына. Галава яе вышэй за хваіны. Яна ходзіць па зямлі з вогненным вянком на галаве і з акрываўленай хусткай у руцэ. Дзе ступіць смертаносная Дзева — там пакрываюць зямлю свежыя магілы. Куды махне яна хусткаю — там пусцеюць паселішчы і сёлы. У тым доме, куды яна прасуне ў адчыненае акно руку са сваей крывавай хусткаю, не застаецца ніводнае жывой душы.

 

Трасцы (Ліхаманкі)

Трасцы — гэта дванаццаць сясцёр-Духаў, якія выходзяць з зямлі ды ходзяць па свеце і нясуць людзям хваробы. Асеннія Трасцы ўяўляюцца беларусу ў выглядзе кашчавых, агідных старых баб. Веснавыя — надзвычай прыгожыя, грацыёзныя, але халодныя стварэнні. Трасцаў у многіх месцах Беларусі называюць Ліхаманкамі.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff