Волаты. Асілкі

Волаты

Першымі людзьмі на нашай зямлі былі велікалюды — волаты. Гэта такія вялізныя людзі, што цяперашнія нават ім да калена не дасталі б. Найглыбейшыя рэкі ім не вышэй як да калена былі. Галовы ў іх былі, як цэбры. Ідзе волат праз лес, возьме за верх агромністую сасну, вырве з карэннем і папiраецца ёю, як кіем.

Волаты папракопвалі рэкі, панасыпалі горкі ды параскідалі ўсюды па свеце вялізарныя камяні, якія і цяпер трапляюцца дзе-нідзе на полі ці ў лесе. Яны, бывала, набяруць камення, ды пачнуць шыбаць утору так, што яно з вачэй хаваецца. А як пойдуць барукацца ці біцца ды пачнуць рваць дуб'ё, дык аж зямля стогне. Волаты павытоптвалі зямлю, пааралі яе карчамі так, што на тых месцах стаяць азёры і рэкі.

Не было на зямлі нікога, хто б мог з волатамі памерацца сілаю. От яны смела хадзілі сабе ды сваволілі. Ведама, калі хто нікога не баіцца, то ён заўжды пачне дурэць, пачне рабіць ліха. Так і тыя волаты пачалі губіць на зямлі жывёлу і ўсялякую расліну, а ў неба шыбаць каменнем. Хацелі нават з Багамі дужацца.

За тое Бог і пакараў волатаў. У адных адняў розум, так што яны пачалі лбамі разбіваць каменныя горы. Разгоніцца той волат, бы баран, ды як рэзнецца лбом аб камень, дык мазгі і пацякуць, а ён сам зваліцца на зямлю, патрапеча трохі нагамі ды й дух вон.

Частку волатаў, якія пайшлі супраць Багоў, Белбог закляў: «Быць вам дужымі і стаяць вякамі, а плады вашы будуць свінні есці». I ператварыў іх у дубы.

Астатніх абярнуў у малых ды кволых людзей, якія і цяпер жывуць.

Сын апошняга сляпога волата ўбачыў нашага чалавека, які араў зямлю, узяў яго на далонь разам з валамі і сахою, прынёс да бацькі і пытае;

—  Што гэта за чарвяк такі зямлю точыць? А банька яму ў адказ:

—  Наша пакаленне ўжо гіне, а гэта новыя людзі, што пасля нас застануцца.

Загінула пакаленне волатаў, толькі адзін яшчэ доўга валачыўся па свеце, але ён ужо быў сляпы, таму насіў у сябе на карку нашага чалавека, каб той яму дарогу паказваў. Аднаго разу зачапіўся гэты волат за прыгорак і як грымнуў, бы сасна на зямлю, дык і сам разбіўся на кавалкі і чалавек на шкуматы разляцеўся.

 

Асілкі

Даўно-даўно, калі яшчэ людзі жылі па лясах дрымучых, прыйшлі на нашу зямлю асілкі і пачалі сяліцца па берагах рэк. У лясах вадзіліся звяры ўсялякія: мядзведзі, ваўкі, ласі, кабаны, лісіцы, рысі, а па рэках і азёрах жылі выдры. Рыбы ў водах было такое мноства, хоць кашолкай чэрпай.

Асілкі былі людзі здаровыя, ростам цэлы сажань, у плячах аршыны з два. Голас мелі магутны. Бывала, калі крыкне на увесь голас ды свісне, дык якое б дрэва ні было вялікае, а зваліцца. I жонкі іхнія былі у пару ім: рослыя, дужыя і раджалі кожны раз па двое, па трое дзяцей.

Гаспадарку асілкі ніколі не трымалі. Не было ў іх ніякай худобы, ні скацінкі дамашняй, ні прыпасу, ні запасу. Hi хлеба, ні лёну не сеялі. Карміліся яны тым, што лавілі па лясах звяроў ды па рэках рыбу. Адзежу сабе яны шылі са звярыных скур. Вось так і жылі.

Спадабалася асілкам наша зямля, бо тут ім усяго досыць было. Звяр'я па лясах было не злічыць. Рыбы ў рэках таксама, а ім больш нічога і не трэба было.

Задумалі яны тут пасяліцца і пачалі будаваць гарадзішчы.

Інструменту ў іх амаль ніякага не было, толькі на ўсіх адна сякера, ды і тая не жалезная, а якаясь медзяная. Не маючы досыць інструменту, асілкі перакідвалі сякеру з гарадзішча на гарадзішча, бо не хацелі траціць часу на хаджэнне. Зыкне асілак з аднаго гарадзішча ў другое: сякеру давай! На другім гарадзішчы нехта возьме сякеру ды і кіне яму. Гэта яшчэ нішто — сякеру перакінуць вярсты за тры. Калі была патрэбна на будоўлю драўніна, пойдзе асілак у лес, вырве дрэва з коранем ды так і прыцягне на гарадзішча. Спатрэбіцца камень, дык ён возьме яго ды і кіне за вярсту, а то і больш — прама на гарадзішча.

Ёсць такія мясціны, якія ледзь не засыпаны камянямі. Дзяды казалі, што на гэтых самых мясцінах асілкі ваявалі, кідаючы камяні адзін у аднаго. Яны і звяроў забівалі камянямі, ад таго камяні ляжаць і па лясах. Потым асілкі сышлі адсюль, як толькі перавяліся ў лясах звяры і паменшала рыбы ў вадзе, бо ім не стала з чаго жыць. 3 той пары і гарадзішчы іхнія запусцелі, бо посля іх не скора прыйшлі сюды нашы дзяды.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff