| |
|
|
Як людзі атрымалі агонь.Як людзі атрымалі агонь Першы агонь беларусы атрымалі ад Перуна. Ад яго стралы-маланкі аднойчы загарэлася жытло. Збегліся людзі, пахапалі галавешкі, ды разнеслі па сваіх жытлах і пачалі ў попеле захоўваць. Аднойчы Бог аднаму старому калёсніку, які акрамя калодак тачыў і верацёны, паслаў шчаслівую думку, каб ён паспрабаваў кружкі на верацёнах вышмульваць ясянёвым клінком, а не нажом вырэзваць, як дагэтуль. — Чаму не, — кажа калёснік сам сабе, — ясень цвярдзей, дык павінен узяць мякчэйшую бярозу. Паспрабуем. Застругаўшы ясянёвы клінок, прыставіў яго да верацяна, моцна прыціскаючы, і пачаў смычком шморгаць то сюды, то туды, штораз хутчэй. Глянуў — пайшоу дым з верацяна, ды так пахне, бы з вогнішча. Ён далей шморгаць ды яшчэ хутчэй, аж пакуль з верацяна іскры пасыпаліся. Вось так чалавек знайшоў справядлівы агонь. 3 таго часу людзі ўсюды патушылі Перунова цяпельца ды завялі свойскі агонь. I з тае пары сталі лепш жыць. Пабудаваўшы новае жытло, беларус абавязкова пераносіць агонь са старой печы: без гэтага не будзе ранейшага дабрабыту. Беларусы паважаюць агонь, яго не пакідаюць без ежы, яму кладуць палена, да яго прыстаўляюць гаршчок з вадою. У агонь не плююць, не кідаюць нічога нячыстага. У таго, хто на агонь плюе, на языку садзяцца болькі. Агонь святы, яго Бог даў на пажытак людзям, але з ім трэба абыходзіцца прыстойна, бо калі ён раззлуецца, то наробіць шмат ліха. Калі што хочуць ачысціць, то яго кідаюць у агонь, нават і самі беларусы ачышчаюцца, скачучы цераз яго на Купалле. Два агні няможна злучаць. У аднага чалавека заўжды агонь не пераводзіўся ў хаце; яго жонка берагла агонь у ямцы, як зрэнку вока. Таму ў хаце было поўна дабра, у хляве вялося шмат жывёлы, а клець заўсёды была поўная. Шанцавала таму чалавеку і на статак, і на хлеб. Аднойчы пайшла жонка таго чалавека дзесь далека ў госці і доўга не вярталася. Тым часам надышла ноч, хутка сцямнела. Прыбегла да таго чалавека суседка чагосьці пазычыць. Было цёмна, дык яна засвяціла пук лучыны ды так з ёю і ўвайшла ў хату, а каб дарэмна лучына не гарэла, дык яна паклала яе на прыпечку, каля самай ямкі. Тут сышліся разам два агні ды і разгаварыліся. Прынесены агонь кажа: — Давай спалім гэтага гаспадара за тое, што ён мне не робіць пашаны. — Не, — адказвае агонь з ямкі, — мой гаспадар добры чалавек, а яго жонка, бадай, яшчэ лепшая. Яна мяне вельмі шануе, вельмі паважае. Не можна майму гаспадару рабіць ліха. Тут гаспадар падышоў да печы, каб узяць з яе сухое лучыны, ды і пачуў тую гаворку. Схапіў з прыпечка лучыну з чужым агнём, сунуў яго ў дзежку з вадой так хутка, што той і апомніцца не паспеў ды толькі зашыпеў, бы гадзюка. Раззлаваўся чужы агонь на сваю гаспадыню, што прынесла яго ў такую ліхую хату, дзе яго так дрэнна прынялі, ды і разам ахапіў хату свайго гаспадара. Убачыла жанчына праз акно, што гарыць яе хата, ды толькі рукамі пляснула. — Божа! Гарым! — крыкнула яна і кінулася з чужой хаты да сваей. Падыходзіць гаспадар зноў да печы і чуе, як яго агонь кажа: — Укінь мяне ў пажар, то ён патухне. Насыпаў гаспадар на чарапок жменю жару, вынес на двор ды і сыпануў яго ў пажар. Выбухнула полымя вышэй лесу і патухла. Зразумеў тады той гаспадар, што трэба агонь шанаваць, то і ён будзе добры. А добры агонь мацней за ліхі.
|