| |
|
|
Адкуль з’явілася жыта. Бай і яго сыныАдкуль з'явілася жыта Жыта — самае старшае збожжа, бо з яго мы маем хлеб, а хлеб — бацька, хлебам жывуць людзі. Калі Бог стварыў чалавека, дык доўгі час хлеба не было: людзі елі рознае карэнне. Больш за ўсіх галадалі сабакі. Таму яны, узняўшы свае морды ўверх, страшна завылі, просячы ў Бога хлеба. Бог пачуў іх просьбу і кінуў ім з неба адзін жытні колас. Але сабак было многа, дык адзін колас не мог накарміць іх усіх. Сабакі пачалі адбіраць колас адзін у аднаго, рваць яго ў розныя бакі. Разарвалі той колас сабакі на шматкі; зерне рассыпалася, і яны затапталі яго лапамі ў зямлю. На другі год ад аднаго коласа пайшоў такі багаты ўраджай, што людзі намалацілі цэлую бочку жыта. I з таго часу сталі разводзіць хлеб т.а ўсё пачалося з сабак. Напачатку ўсе хлебныя расліны — жыта, ячмень, пшаніца мелі колас у даўжыню ўсяго сцябла, ад макушкі да зямлі, і такі цяжкі, што некалькі каласоў толькі і мог падняць чалавек адной рукой. Выйшлі неяк жанчыны жаць ды сталі наракаць на Бога, што ён даў жыта з такімі каласамі, цяжкімі і нязручнымі. Бог, пачуўшы такія нараканні, вырашыў атрэсці ўсе каласы і пакінуць адны сцябліны. У той час, калі ён гэта рабіў, у полі знаходзіўся сабака. Зразумеўшы, што калі Бог атрасе ўвесь колас, то хлеба зусім не будзе, ён жаласна завыў, просячы Бога пакінуць хоць нейкую частку коласа на іх сабачую долю. Бог пачуў гэта і злітаваўся, ачысціў не ўвесь колас, пакінуў зерне на версе сцябла столькі, як ён і цяпер расце. Таму людзі ядуць не сваю долю хлеба, а сабачую. Калі жнуць беларусы жыта, у канцы поля, на мяжы, пакідаюць невялічкае недажатае месца звярам. Бо калі не было На Гэтым Свеце жыта, то звяры пачалі прасіць Бога чаго есці, а Бог ім кінуў жытні колас. 3 таго і з'явіўся хлеб.
Бай і яго сыны Па некаторым часе чалавек стаў у Гэтым Свеце заводзіць свае парадкі. Ці шмат часу прайшло, ці мала, але меў ужо чалавек сваю сялібу, меў многа жонак, а яшчэ больш дзяцей. Было ў яго прозвішча — Бай. А як прыйшла пара паміраць, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Толькі пра аднаго сына забыўся. Сын у гэты час быў на паляванні і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь. Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палявання, а браты яму кажуць: — Бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён пакінуў сваіх сабак. Ды яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго ў правы бок, а другога — у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэта ўся зямля твая будзе. Пайшоў Белаполь і злавіў дзвюх птушак, што прыляцелі адна з паўднёвага мора, другая — з заходняга. Пусціў паўднёвую птушку на поўдзень, ды і кажа аднаму сабаку: — Бяры! Пусціў другую на захад і кажа другому сабаку: — Хапай! . . Паляцелі тыя птушкі; адна ў адзін бок, другая ў другі. Пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася. Як пабеглі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў друг! бок — Дняпро. Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца. У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя плямёны пад прозвішчам Беларусы. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеюць.
|