| |
|
|
3 чаго ліха на свеце. Тры Долі. Гора-бяда.3 чаго ліха на свеце Даўным-даўно спрадвеку жылі сабе людзі, пажывалі, ніякага ліха не ведалі. Свет вялікі: усюды вольна. Як папрацаваў, так і пажывіўся. Людзі жьілі-пажывалі ды Бога выхвалялі, а ні аб чым яны не клапаціліся. А Бог тады яшчэ жыў на Зямлі, прыходзіў да людзей, бы свой брат, вучыў іх, як на свеце жыць ды дзетак пладзіць, дзетак пладзіць ды гадаваць, ды зямлю напаўняць. I не было на зямлі ні ліха, ні дабра. Людзі, бы кветкі; цвілі. Жылі, нібы птушкі ў небе, ці рыба ў вадзе — ні шчасця, ні бяды не мелі. Але што такое жыццё? Так жыве і звяр'ё ў лесе, так жыве і дрэва. Бог убачыў тое ды і пачаў вучыць людзей, як лепей дастаць ім жыўнасць, як зрабіць адзенне, як схавацца ў непагадзь, як лавіць рыбу ды звера, ды птушак. I рашылі тады людзі, што калі ўклаў Бог ім розум, то можна рабіць, што хочаш. — Гэ, мы і самі з вусамі, — пачалі гаварыць людзі, — што захочам, тое і зробім. Мы і самі, як Багі, толькі Бог затым не даў нам сілы, улады, што баіцца, каб, зямлёю заўладаўшы, мы не ўздумалі і самога Бога сапхнуць з неба. I адступіўся тады Бог ад ганарлівых людзей, і пайшоу сабе на Неба. Узялі людзі ўладу над усім, што ёсць на Зямлі: над раслінамі; над ўсялякім звяр'ём, што жыве па лесе, па палях, балотах; над птушкамі, што лятаюць пад небам; над рыбамі, што ў вадзе гуляюць вольна. Будзе людзям добра жыць на Гэтым Свеце, пакуль яны не захочуць мець улады адзін над друтім, а калі ўздумаюць — то пазнаюць і дабро, і ліха. I датуль будзе ліха, пакуль людзі будуць мець уладу над людзьмі. Але Бог даў людзям розум, каб яны самі пазналі, з чаго ліха на свеце. А розум пакажа людзям дарогу, як ліха адолець і як жыць, каб мець уладу над усім на зямлі і каб усім было добра і не было ліха.
Гора-бяда Гора — гэта дух, які мае выгляд дзіцяці. Яно такое ўчэпістае, што як прытуліцца да чалавека, дык цяжка адарваць. Але пакуль чалавек ад яго не пазбавіцца, не будзе мець шчасця. Гора адно не ходзіць, за сабою бяду водзіць. У гаспадарцы заўжды бывае ўпадак. Нездарма ж кажуць, што, хто мае статак, той мае і ўпадак. Але хто беражэцца, таго і Бог беражэ. Ад упадку, як і ад усялякага няшчасця, ёсць розныя прымхі. Людзі ад дзядоў навучыліся, што чаму шкодзіць, што памагае, што трэба рабіць, як часамі трапіцца які-небудзь упадак, як ратаваць гаспадарку ды ратавацца самім. Так Бог даў, што на ўсялякае ліха, на ўсялякую бяду ёсць чалавек і ратунак. Толькі трэба ўмець чым і як ратавацца. Ёсць сярод беларусаў такія ведуны, якія напярод усё бачаць, усё прыкмячаюць. Яны заўжды знаюць, які мае быць упадак, бо ёсць вельмі шмат прыкмет, якія добра гавораць, якое мае быць няшчасце ці бяда. На свеце так нічога не бывае, а ўсё мае сваё прызначэнне, усё робіцца, як Бог вяліць ці як ён папусціць. Калі папусціць Бог, тады Нядобры Дух камандуе ды вытварае якую-небудзь бяду і тым робіць упадак. Калі ж людзі ведаюць такія прымхі, то тады нішто чалавеку не нашкодзіць. Упадак як пачнецца, дык ён ідзе ключом і цягне адно за другім. Каб спыніць упадак, трэба парваць гэты ключ. Дзеля гэтага трэба знарок зрабіць які-небудзь упадак. Напрыклад, знарок жыўцом закапаць пеўня ці што-небудзь іншае. Упадак часцей за ўсё насылаюць ліхія людзі, тыя людзі, што знаюцца з Нядобрымі Духамі. |