Як раней людзей хавалі. Нябожчыкі.

Як раней людзей хавалі

Раней, кажуць, людзі доўга жылі. Састарыцца бацька — нічога не робіць. А ежы мала было, ну дык што з ім рабіць, са старым? Тады сын пасадзіць яго на саначкі, завязе ў роў ды і ўкіне туды. А равы былі дужа глыбокія. Дык бацька адтуль не можа вылезці, там і сканае.

Адзін сын вельмі любіў свайго бацьку. Як той састарыўся, ён узяў і пасадзіў бацьку ў склеп, а саначкі завёз парожнія ды і ўкінуў у роў, каб суседзі таго не ведалі. Бацька сядзіць у склепе, сын яму есці носіць туды.

Прайшло так гады два ці колькі там, і не зарадзіў нешта хлеб. Пачаўся голад, гнілую калоду таўклі ды елі. I насенне звялося. Пайшоў сын да бацькі і пытаецца:

—  Як жыць будзем, тата? што гэта сеяць?

—  Вазьмі, сынок, старую страху раскрый, салому гэту парэж, парэж дробненька ды і пасей.

—  Ну, дык што з таго будзе?

—  А што Бог дасць, то і будзе...

Зняў сын салому са страхі, пакрышыў-пакрышыў ды і засеяў. Як зарадзілася тое жыта —дык з нівы валіцца. Суседзі дзівяцца, ні ў кога такога жыта няма. Ну і давай у яго дапытвацца:

—  Ад чаго ў цябе такое жыта ўрадзіла?

Ён тады і расказаў ім — некуды ужо хавацца:

—  Я бацьку пашкадаваў у роў везці ды пасадзіў у склеп. Баяўся вас, людцы. Гэта мне бацька параіў узяць са старой страхі саломы, пакрышыць яе ды пасеяць. Я так і зрабіў.

Зразумелі тады людзі, што гэта яму Бог за тое ўрадзіў, што ён бацьку ў роў не завёз. 3 таго часу пересталi старых скідваць у роў.

Нябожчыкі

Прыкметамі, якія беспамылкова прадказваюць смерць чалавека, лічацца: пеляна на вачах, халодны пот, хрыпенне ў грудзях, своеасаблівы пах з рота (пахне зямлёй), перастае біцца прамянёвая артэрыя. А жылы ў скронях, наадварот, моцна пачынаюць пульсаваць. У паміраючага падаўжаёцца нос, таму што калі Смерць падступаецца да чалавека, яна доўга трымае яго за нос, і ад гэтага ён завастраецца і халаднее. Калі чалавек у час агоніі ўтаропіцца ў адну кропку, гэта азначае, што Смерць тады зазірнула яму ў вочы.

За некалькі гадзін да смерці хворы звычайна адчувае палёгку. Гэта Смерць на час адступілася ад чалавека, каб захапіць смяротныя прыпасы і даканаць яго. Калі хворы папросіць перавярнуць яго на левы бок, смерць ягоная яшчэ больш наблізіцца.

Адразу ж пасля смерці гаспадара старэйшы з сям'і заходзіць па чарзе ў стайню, хлявы і нават да свойскай птушкі і, стаўшы ў дзвярах, гаворыць: «Няма ўжо волікі (конікі, кароўкі і г.д.) вашага гаспадара (гаспадыні)!» Гэтак робяць, каб нябожчык (у прыватнасці, калі быў сквапны) не пацягнуў усяе жывёлы за сабою.

Сама па сабе Смерць такая страшная, што ўсіх палохае. Колькі б чалавек ні жыў, як бы яму ні было ліха жыць, а ўсё ж не хоча паміраць, раней таго часу, як Бог прызначыў. Вельмі старэнькія дзед ды баба наракалі на Бога, што не дае ім смерці. А як яна прыйшла ў постаці гусі, то дзед кажа: «агіль» да бабы. Смерць да бабы, а тая — «агіль» да дзеда. Вядома, кожнаму хочацца яшчэ пажыць хоць крышачку.

Адна жанчына, збіраючыся ўжо паміраць, сядзела ўвечары пры расчыненым акне. Заляцеў матылёк і сеў ёй на рукаў. Кабета, гледзячы на яго, сказала пяшчотна: «Смерцічка ты мая». I на гэтую ж ноч памерла.

 

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff