Конь, сабака, кот і певень.

Конь, сабака, кот і певень

Без свойскай жывёлы чалавеку не жыць. Таму дбайны гаспадар добра яе даглядае і беражэ. Недарэмна ж дзяды казалі: «Сам недаеш, а жывёле дай, бо яна нямая, не можа папрасіць».

Свойская жывёла не мае душы, як чалавек, аднак яна думае і ўсё ведае, дарма што не можа аб тым гаварыць. Як жывёла ляжыць ды ўздыхае, гэта яна так моліцца Богу, бо, не маючы гаворкі, інакш не можа. Толькі раз на год у самую поўнач перад Калядамі жывёле дазволена гаварыць. Яна і гаворыць. Толькі той гаворкі чалавеку няможна слухаць, бо як учуе, дык памрэ.

Адзін чалавек, ён быў вельмі цікаўны, захацеў падслухаць, аб чым гэта жывёла гамоніць у поўнач перад Калядамі. Яшчэ з вечара залез у жолаб, лёг там на сена ды і слухае. Толькі вось у самую поўнач адзін вол і кажа другому:

— Бачыш, наш гаспадар нас слухае, мабыць, хоча, каб мы яму паваражылі. Дык вось я яму не паваражу, а чыстую праўду скажу.

Павярнуўся ў бок гаспадара і кажа:

— Ляжыш у жолабе — заўтра будзе па табе.

Назаўтра сапраўды знайшлі гаспадара ў жалабе ледзь жывога, зусім без мовы. Чаго толькі ні рабілі, але ні чым не змаглі дапамагчы. Пад вечар ён памёр.

Як толькі маладзічка зацяжарыць, усе хатнія жывёлы мяняюць адносіны да яе. Яны не дзічацца, не ўцякаюць ад новай цяжарнай, а шукаюць яе ласкі. Гэта асабліва адчувальна ў адносінах кошкі і сабакі, якія стараюцца паляжаць на пасцелі маладухі ці быць паблізу. Кошка і кацянят прыводзіць пераважна на яе ложку ці хутка пераносіць іх туды. Куры і іншыя свойскія птушкі найбольш будуць бегаць за такой маладухаю, будуць шчыпаць у яе прьпол, але без варожасці, з пяшчотаю.

Як збіраюцца ўваходзіць у новую хату, то перш пускаюць туды кошку (ці ката), каб усе чары ўпалі на яе. Калі хата была зачаравана, то кот ці кошка ужо больш не будуць тут жыць.

Конь заўсёды быў верным і надзейным памочнікам беларуса. Ён засцерагае гаспадара ад Нядобрых Духаў у дарозе. Коні заўсёды наперад ведаюць, што будзе, толькі не могуць сказаць пра тое свайму гаспадару. Яны даюць зразумець тым ці іншым спосабам, толькі трэба здагадацца, што яны гэтым паказваюць. Часам коні ў дарозе стануць як укопаныя — і ні з месца. Гэта яны бачаць, што ім дарогу заступіў Нядобры Дух. У такім выпадку не трэба коней біць, бо з таго Дух толькі цешыцца, а трэба кінуць наперад жмак сена і весці коней у руках, то яны і пойдуць.

Конь прыносіць дабрабыт. Хто любіць хадзіць па той сцежцы, па якой бяжыць конь, той заўжды ўсё на сваім паставіць, да ўсяго дабярэцца.

Вядома, што вол паесць трохі і ляжа, а конь есць-есць і ніколі не пад'есць. Гэта ад таго, што аднойчы не паразумеліся паміж сабою конь і чараўнік.

Калісьці хадзілі па свеце вандроўнікі-чараўнікі, і трэба было аднаму такому падарожнаму перайсці цераз раку. Спачатку ён папрасіў каня:

—Перавязі мяне.

А конь кажа:

—  Я яшчэ не пад'еў.

Тады падарожны — да вала:

—   Перавязі мяне, воліку, цераз ваду. Волік:

—   Сядай, зараз перавязу.

Сеў падарожны на вала, і той перавёз яго на другі бок.

Вось за тое вол хутка пад'есць і адпачывае, а конь есць дзень і ноч і не можа наесціся.

Сабаку беларусы шанавалі за тое, што ён выпрасіў у Бога жыта для чалавека. Як сядзеш за стол, то першы кусок дай сабаку, няхай ён з'есць. Бо не ведаем, праз чыю ласку жывём. Можа, жывём праз тую долю, што Бог даў сабаку.

Сабака адчувае і бачыць Духаў. Нядобрых адганяе ад сядзібы сваім брэхам, тым самым ахоўвае хату ад усялякага ліха. Калі Нядобры Дух ноччу схопіць у свае лапы чалавека, дык даволі забрахаць сабаку, каб Дух зараз жа кінуў сваю здабычу.

Сабака здольны адрозніваць добрых людзей ад злых. Ён брэша толькі на ліхога чалавека.

Сабака можа прадказаць лес чалавека. Сваім выццём ён папярэджвае гаспадароў пра будучую бяду, няшчасці.

Кот — жывёла, блізкая да чалавека, здольная дапамагчы яму. Той, хто забіваў ката, ніколі ні ў чым шчасця не меў.

Перад тым як перайсці ў новую хату, туды заносілі і саджалі на ноч пеўня і ката. Нядобрыя Духі не любяць гэтых жывёл і ўцякаюць з той хаты.

Кот і кошка спрыяюць нараджэнню значнай колькасці дзяцей у сям'і. Таму ў час вяселля пад ложак маладым саджалі кошку з кацянятамі, каб было многа дзяцей.

Напачатку кошка не ела мышэй і жыла з імі дружна, спажываючы агульную ежу. Але аднойчы мышы пачалі грызці ў соннай кошкі пераноссе. Ад болю кошка прачнулася, не пазнала спрасонку сваіх сяброў і кінулася душыць іх направа і налева. Так яна ўпершыню зведала смак мышынага мяса, а за дзёрзкасць пачала лавіць мышэй пры любым зручным выпалку. На знак гэтага на пераноссі ў кошкі засталася прыкметная ямка.

Певень — вельмі патрэбная на сядзібе птушка. Ён вяшчун дня і святла. Нядобрыя Духі i Духі Цемры дзейнічаюць вольна ноччу толькі да першых спеваў пеўня. Побач з адной вёскай была вялікая яма. На гэтым месцы Нядобры Дух меў намер пабудаваць дом і выкапаў яму для пограба. Але спеў пеўня перашкодзіў яму скончыць гэтую работу. Так тая яма і засталася.

Небяспечна выпраўляцца ў дарогу да першых спеваў пеўня, а як толькі заспявае — збірайся і едзь. Пры пераходзе ў новую хату спачатку ўпускалі ў яе пеўня, які адганяў Нядобрых Духаў.

 

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff