| |
|
|
Чур. Дзяды. Духi хаты.Чур Бог Чур карыстаецца асаблівай павагай беларусаў. Ён аберагае межы зямельных уладанняў. Пагоркі ці невялікія курганкі, нярэдка агароджаныя частаколам, насыпаныя на межах участкаў як межавыя знакі, знаходзяцца пад асобаю апекаю Чура, і ніхто не адважыцца раскапаць такі ўзгорак, каб не прагнявіць Бога. Чур — ахоўнік уладанняў роду. Дастаткова правесці рысу вугалем ці крэйдаю ці чым-небудзь іншым на зямлі ці на падлозе, прызваць на ахову Чура — і за яе ніякія Нядобрыя Духі не могуць перайсці. Чур не дазваляе іншым Духам пранікаць за сваю мяжу. Чур — бажаство роду — продак, родапачынальнік, які спрыяе свайму роду і ахоўвае яго членаў ад усялякіх Нядобрых Духаў. Таму адначасова Чур з'яўляецца хатнім Духам. Кожная хата, кожная сям'я мае свайго Чура, ахоўніка хатняга ачага, які пераследуе і адганяе Духаў цемры. Той, хто хоча атрымаць дапамогу ад Чура, павінен паклікаць яго. «Чур мяне!» — гаворыць дзяўчына, калі да яе чапляецца які-небудзь нахабнік, што азначае — не чапай мяне! уласна заклік да Чура, каб абараніў яе. «Чур табе на язык!» — просяць Бога, каб той прымусіў замаўчаць балбатуна. «Чур мае!», «Чур разам ці папалам!» — звярталіся да Бога Чура, каб ён стаў абаронцам правоў уласнасці. Беларус абавязкова заклікае Чура, калі яму патрэбна абарона ці дапамога. Той, хто здрадзіць Чуру — адцураецца бацькаўшчыны, адцураецца хаты і таты, — той выходзіць з-пад улады і апекі Чура.
Дзяды Дзяды — гэта душы продкаў. Дзядоў шанавалі, запрашалі на святы, прасілі ў іх падтрымкі ў складаных жыццёвых абставінах. Яны і самі з'яўляліся на дапамогу нашчадкам у цяжкую часіну. Калі над пажарышчам з'яўляюцца невядомыя белыя і чорныя птушкі — гэта душы продкаў прыляцелі памагчы сваім жывым родзічам. Хто пералічыць гэтых птушак, той даведаецца пра колькасць сваіх продкаў. Напярэдадні восеньскіх Дзядоў прыбіралі хату і гаспадарчыя пабудовы, гатавалі смачныя стравы і пітво. Ад кожнай са страў адкладвалі кавалачак у дзедаўскую міску, якая знаходзілася на стале. Потым гаспадар запрашаў Дзядоў прыняць удзел у вячэры: «Святыя Дзяды! Просім за пачэсны стол!» Душы продкаў нябачна з'яўляюцца ў хату, садзяцца за стол і жывяцца парай, якая ідзе ад страў. У час святочнай вячэры дазвалялася гаварыць толькі пра Дзядоў. За памінальным сталом нельга ставіць ногі на перакладзіны стала, бо там у гэты час адпачываюць, як птушкі на седале, душы памерлых сваякоў, і неасцярожным рухам ног іх можна пакрыўдзіць; у выніку ногі пачнуць прэць, трэскацца, сутаргава згінацца. Духi хаты Непасрэдна ў хаце заўсёды ёсць некалькі розных Духаў, якія ўдзельнічаюць у жыцці сям'і. Галоўнымі з іх з'яўляюцца другія гаспадары хаты і памагатыя сям'і — Хатнік і Хатніца. Побач з імі жыве плойма шкадлівых Духаў, ад якіх людзі, аднак, вялікай шкоды не маюць. Але ў хату імкнуцца пралезці Нядобрыя Духі, ад якіх нічога, акрамя шкоды, людзі не ўбачаць. Нядобрыя Духі легка трапляюць у хату, калі ў ёй не жывуць галоўныя Духі-гаспадары — Хатнікі.
|