| |
|
|
Хатніца. Хатніца і Паляха.Хатніца Жонак Хатнікаў завуць Хатніцамі. Яны знаходзяцца ў сваяцтве з Паляхамі. Хатніцы з'яўляюцца перад людзьмі ў белым адзенні. На галаве ў іх — намітка. У Хатніцы такія ж схільнасці і заняткі, як і ў дбайнай гаспадыні-сялянкі: яна прадзе, тчэ, вышывае і даглядае жывёлу. Яна працалюбівая і гаспадарлівая, любіць чысціню. Хатніца часцей сутыкаецца з жанчынамі, чым з мужчынамі. Прызвычаілася маладуха з адной сям'і хадзіць у лазню начаваць: там цёпла, так добра спіцца. Мужчыны папярэджвалі яе, каб не рабіла гэтага. А яна дзяцей паўкладае і пайшла. Прыйшла аднойчы ў лазню, легла на палку, заснула. Ці многа спала ці не, адкрыла вочы: лучына гарыць. Сядзіць Гаспадыня спіной да маладухі і тчэ на кроснах, толькі цэўка вішчыць у чаўнаку, як яна пракідвае яго, бярдо грыміць, якім яна прыбівае тканіну. Хатніца ведае, што маладуха не спіць, але на яе не глядзіць. Маладуха ціхенька адкрыла акенца, глянула, ці гарыць агонь на вёсцы. — Куды б мне збегчы? — думае маладуха. — Поўнач, самая глуш, усе спяць, агні патухлі. А Хатніца ўсё ведае, што малудуха думае. Прапаў у маладухі сон: не да сну ёй. Раптам Хатніца не паварочваючыся да жанчыны загаварыла: — Маладуха, што ты ўсё ў акенца глядзіш? — Ах, Божа мой, чаго я гляджу ў акно? Дуброва шуміць, і дзеці крычаць нечыя. — Ці не мае гэта дзеці?! — захвалявалася Хатніца. Згарнула яна кроены нахапок і хутка выскачыла з лазні. А за ёю і маладуха вопрамеццю дахаты. 3 таго часу зараклася яна ў лазню хадзіць начаваць. Хатніца і Паляха Пайшлі неяк жанчыны цялят шукаць. Хадзілі, хадзілі, ужо вечарэе і маладзік свеціць. Не знайшлі цялят, трэба ісці дамоў. Тут выходзіць жанчына з кустоў, проставалосая, беленькая, гукае іх: — Маладухі, маладухі вярніцеся: там вашы цяляты, ідзіце па сцежцы направа. Жанчыны глянулі на яе — спужаліся. — Не палохайцеся, жанчынкі, не бойцеся! Вунь вашы цяляткі, ганіце іх дамоў. А як прыгоніце іх, жанчынкі, дахаты, то скажыце Хатніцы, што памерла Паляха. Прыгналі жанчыны цялят у двор і гора мала: селі вячэраць. Пытаюцца мужчыны: — Ці знайшлі цялят? — Хадзілі, хадзілі, хацелі ўжо дамоў ісці. А тут выходзіць жанчына з кустоў, белая такая, стогне, стогне і кажа: «Жанчынкі перадайце Хатніцы, што памерла Паляха». Як толькі яны гэта прамовілі, нешта стукнула, як у далоні, штосьці завыла — голас такі прыемны, як у той зязюлі, ляснулі дзверы, нехта пакрочыў па агародзе ў поле. Жанчыны і дзеўкі сцужаліся, а стары кажа: — Не палохайцеся, не палохайцеся: гэта— Хатніца. Бог з ёю, няхай ідзе сабе.
|