| |
|
|
Вазіла. Рай і ГуменнікВазіла У коней ёсць яшчэ адзін апякун — Вазіла. Беларусы ўяўляюць яго ў чалавечым абліччы з конскімі вушамі і капытамі, у чалавечым адзенні. Кожны гаспадар мае свайго Вазілу, які клапоціцца пра размнажэнне коней і засцерагае ад хвароб і прыпадкаў. Вазіла пераважна жыве ў стайні, але заўсёды прысутнічае на начлегах, калі коні пасуцца вялікімі табунамi. Пастухі звычайна забіваюць на месцы начлегу вялізны шост і надзяваюць на яго конскі чэрап, спадзеючыся, што гэтая сімвалічная выява Вазілы выратуе табун ад усіх магчымых небяспек. Беларусы асабліва паважаюць Вазілу за тое, што ён ноччу прывозіць на сабе нейкую асаблівую траву і падмешвае яе ў корм коням, ад якой тыя дужэюць і растуць. Вазіла ў вялікай пашане на Беларусі, але ён не ўсюды вядомы пад адным і тым жа імем: яго называюць дзе Канькачом, дзе — Хлеўнікам, дзе — Табуннікам, а дзе — Вісуснікам.
Рай і Гуменнік Аб сабраным збожжы клапоцяцца два Духі —Рай і Гуменнік. Рай клапоціцца галоўным чынам пра збожжа, звезенае ў стадолу. Ён знаходзіцца там да таго часу, пакуль усё не будзе вымалачана. Пажадана, каб Рай усе сялянскія стадолы адначасова ўзяў пад сваю апеку. Таму кожны селянін, які яшчэ не пачаў звозіць ураджай, убачыўшы першы воз са снапамі, запрашае яго да сябе, тройчы кажучы: «Рай, Рай, ідзі к нам!» Пад асеццю жыве дабрадушны Гуменнік, ці як яго яшчэ завуць — Падавіннік. Ён ахоўвае гумно і дапамагае гаспадару сушыць і малаціць збожжа. Бачыць іх можна часта. Гуменнік выглядае, як дзядок маленькага росту, падперазаны саламяным перавяслам. Але не трэба толькі загаворваць з ім. Тады Гуменнік зробіць сваю работу і стане нябачным. У Гуменніка ёсць жонка — Гуменіха. Яна прыходзіць на ток у выглядзе жанчыны, прыбраўшыся, прыхухоліўшыся. Нясе ў руках арэхавы куст і свечачку з агнём. Яна пастукае кустом па таку і знікне.
|