Русалкі-палявіцы. Спарышка і Спарышэнь. Жыцень

Русалкі-палявіцы

Русалкі-палявіцы сядзяць у жыце, калі яно расце. Бог іх пасылае пільнаваць жыта, каб ніхто не тоўкся да не трусіў каласкоў, бо не нальюцца. Русалкі-палявіцы ніякіх пасеваў не любяць у полі, акрамя жыта, дзе яны качаюць яйкі ў Наўскі Вялікдзень.

Таму і не дзіва, што як нехта ўпрэцца ў жытняе поле, то яго заласкочуць. Хлопца заласкочуць, бо разявака, а дзеўку — каб было больш Русалак. Русалкі-палявіцы без віны нікому не робяць зла.

Русалкі-палявіцы не могуць перайсці цераз мяжу, ад таго і церпяць, і пераводзяцца: цяпер зямлю увесь час перамерваюць і дзеляць межамі. А раней, калі зямля была нямераная, іх было многа. А ў лесе ноччу толькі і чутна было: гу-гу-гу-гу!

 

Спарышка і Спарышэнь

Спешка-Спарышка і Спарышэнь — Духі, якія даюць поспех і спор усякай рабоце, а зразам з гэтым і дастатак. Калі ў чым няма спору і на душу ляжа важкі камень, то згадваюць Спарышку ці Спарышэня.

Хто, пачынаючы работу, папросіць іх, то яны пераляцяць перад ім, і тады работа робіцца спорна і легка, і хутка дзень мінецца і вечар набяжыць. А якія яны, Спарышка і Спарышэнь, невядома, бо ніхто іх не бачыў. Адно кажуць, што ёсць такія, бо ўсе іх просяць.

Жыцень

Бог восені — Жыцень апякуецца і над сялянскімі палямі. Ён з'яўляецца перад беларусам у выглядзе мужчыны сталага веку, нізкага росту, худога, нават кашчавага, з ускудлачанымі валасамі. Мае тры вокі: два як у звычайнага чалавека і трэцяе на патыліцы. Жыцень выглядае грозным, нібыта вечна нечым незадаволеным.

Ходзіць Жыцень вельмі ціха, сагнуўшыся. Расхаджвае па палях і агародах, каб агледзець, ці ўсё добра прыбрана, як павінна быць у добрай гаспадарцы. Калі Жыцень знойдзе на жніўніку шмат каласоў, пакінутых жнеямі, ён збярэ іх і, звязаўшы ў адзін сноп, перанясе на тое поле, дзе сабрана ўсё чыста, з ашчаднасцю. Вынікам гэтага здараецца неўраджай у наступным годзе на тым месцы, дзе Жыцень знайшоў шмат пакінутых каласоў, і, наадварот, вялікі ўраджай на той ніве, дзе пакінуў ён сноп.

Toe ж бывае і з агародамі, якія наведвае Жыцень і ў якіх знаходзіць нядбайнасць, гаспадарскія непарадна. Убачыўшы каго-небудзь з гаспадароў агарода, Жыцень падыходзіць да яго і грозіць яму пальцам: гэта значыць, што ў наступным годзе ў тым агародзе трэба чакаць неўраджаю.

Жыцень прыходзіць да беларуса часам у выглядзе жабрака. Ён, як звычайна, з суровым тварам, пагражае пальцам кожнаму стрэчнаму. Гэта прадвесце ўсеагульнага голаду ці вялікага неўраджаю на наступны год. Зрэшты, у такім выглядзе Жыцень з'яўляецца беражлівым і старанным гаспадарам, каб папярэдзіць іх пра надыход небяспекі і такім чынам даць ім магчымасць назапасіць хлеба на галодны год.

Жыцень прысутнічае у полі і пры восеньскай сяўбе. Пахаджае з грозным выглядам па пасеяным жыце і нібыта ўсё прыглядаецца да чагосьці ўнізе, утоптвае зерне, каб лепш увайшло ў зямлю і хутчэй апладнілася зямельнымі сокамі.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff