Паўночнікі. Кумяльган. Стрыга

Паўночнікі

Па начах на вуліцах вёсак валэндаюцца і гаспадараць Паўночнікі. Дзе жыве чалавек — там ёсць і яны. Паўночнікі селяцца па ўсіх сядзібных забудовах, нягледзячы на прысутнасць сядзібных Духаў, якія не ладзяць з гэтымі гарэзамі. Паўночнікі пачынаюць сваю свавольніцкую дзейнасць ноччу, у час агульнага людскога спакою. Яны выяўляюць сябе дзікімі чалавечымi воклічамі, фальшываю просьбаю дапамагчы, свістам і ровам буры, дзіўным рогатам ці плачам. Усё гэта робіцца звонку памяшкання, у якім знаходзіцца чалавек, і тым невыноснае, што застае чалавека, калі ён сніць першы сон, і доўжыцца да раніцы.

Дзе жывуць Паўночнікі як выглядаюць — ніхто не ведае. Можна здагадвацца па хуткіх рухах Паўночнікаў ды па галасах, што гэтыя гарэзы маладзей сярэдніх гадоў, што яны вандруюць паасобку і гуртам і што сярод іх ёсць і мужчыны, і жанчыны. Паўночнікаў асабліва шмат у тых вёсках, дзе багата моладзі.

Кумяльган

Кумяльган — Нядобры Дух у абліччы чалавека і каня. Беларусы ўяўляюць яго з чалавечым тулавам, рукамі і нагамі, пакрытымі конскай поўсцю, з конскай галавой, з капытамі на руках і нагах. Ён ходзіць часам, як конь, а часам, нібы чалавек, на задніх нагах. Прызначэнне яго — мучыць,   псаваць,   калечыць коней. Ён таксама падмешвае ў іх корм якую-небудзь атрутную расліну. Добра, што Кумяльган слабы, а то б ён перадушыў усіх коней. Затое Кумяльган шмат

выйграе сваей выкрутлівасцю. Забраўшыся ў хлеў уночы, ён звычайна ўскоквае па чарзе на кожнага каня і ўсяляк яго душыць, цісне і курчыць да той пары, пакуль, нарэшце, конь не выб'ецца з сіл і ўпадзе як мёртвы. Затым залазіць на другога, трэцяга і такім чынам на працягу ночы паспявае замучыць усіх коней.

Не менш шкодны Кумяльган і ў час начлегаў. Ён адводзіць коней з табуна па адным у бок лесу і там здзекуецца, як і ў хляве. Кумяльган адводзіць таксама жарабят ад кабыл, але не мучыць іх, а пакідае на здабычу драпежным звярам.

Прычына, чаму Кумяльгану часта ўдаецца прабірацца ў табун незаўважаным, у тым, што ён вельмі падобны да каня, да таго ж ён можа прымаць любую масць і такім чынам падманвае гаспадароў. Прыняўшы масць якога-небудзь гаспадарскага каня, ён спакойна ўваходзіць у хлеў, не сустракаючы з боку гаспадара ніякай перашкоды. Часам нават гаспадар сам адмыкае яму хлеў, прымаючы яго за свайго каня. ;

 

Стрыга

Стрыга — Нядобры Дух, які непакоіць цяжарных жанчын і нават можа падмяніць дзіця. Замест добрага і тоўстага падкінуць плаксівае, бледнае і худое. Цяжарныя жанчыны бачаць Стрыгу. Выглядае яна як жанчына высокага росту, худая, бледная, з распушчанымі валасамі, праваленымі шчокамі і зялёнымі кашэчымі вачыма.

Стрыга не мае сталага месца жыхарства. Яна ходзіць па вёсках, і яе з'яўленне наводзіць жах на цяжарных жанчын. Па вечарах яна з аднаго двара пераходзіць на другі. Схапіўшы дзіця, Стрыга шматае яго так, каб маці чула крыкі. Можна, аднак, задобрыць Стрыгу. Цяжарная кабета, сустрэўшыся з ёю, запрашае яе да сябе ў хату на час родаў. Стрыга з'яўляецца, ёй усе дагаджаюць, выказваюць асаблівую павагу і часам справа наладжваецца: дзіця цэлае.

Для захавання дзіцяці ад Стрыгі яго купаюць штодзённа да захаду сонца, пасля чаго ваду адразу выліваюць. Але ні ў якім выпадку не трэба выліваць ваду пасля захаду сонца. У пятніцу дзяцей купаць не варта.

 

 

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff