Неба

Неба — гэта велізарны купал, які мае сем столак. Багі жывуць на сёмым Небе ў вялікім палацы. 3 чаго зроблена Неба, ніхто не ведае. Перш Неба падыходзіла да зямлі і можна было на яго ўзыходзіць. Але як людзі пачалі парушаць боскія запаветы, то Белбог аддзяліў Неба ад зямлі і закрыў дарогу на яго. Мы бачым толькі першае Неба, ды і тое прыхавана ад нас вадою, а што там вышэй — ніхто не бачыў.

Напачатку было два сонцы, таму ніколі не было ночы. Але гэта было вельмі недаспадобы Чарнабогу. Ён раззлаваўся на адно з сонцаў, наслаў Змея, які так высмактаў сонца, непажаданае Богу, што яно стала сусім бледным — і завецца яно з той пары ўжо месяцам і свеціць толькі ноччу.

Сонца рана падымаецца з-за зямлі і коціцца па Небе на захад. Кожны вечар яно купаецца ў моры. Потым нанач заходзіць пад зямлю і там адпачывае, а раніцай зноў падымаецца.

Сонца — гэта той агонь, што грэе неба, каб там было цёпла. Няма на свеце мацней агню, чым сонечны агонь. Ад сонца ўсяму на свеце радасна, бо яно свеціць, грэе ды дае рост усялякай расліне і жывёлам. Сонейка ніколі не злуе, яно заўжды ласкава пазірае на свет ды песціць людзей і ўсё жывое, як матка сваіх дзетах.

Навыперадкі з сонцам ходзіць месяц, але ніяк не можа яго дагнаць. Калі месяц састарыцца, Бог крышыць яго на зоры. Адзін кавалачак месяца ён кладзе ў дзяжу на закваску. Зоры ападаюць туды, з іх утвараецца рошчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край. Гэтак нараджаецца месяц. Месяц мае вялікую ўладу над раслінамі, жывёлай, людзьмі і нават надвор'ем.

Калі на небе з'яўляецца Мятла, гэта папярэджанне людзям аб вялікім няшчасці, якое іх чакае: войны, голад, мор на людзей ці на скаціну. Калі вайна — то вялікая, у час якой загіне шмат людзей, а ў каторы бок спушчаны рогі Мятлы, той край будзе змецены дашчэнту. Чараўнікі кажуць, што некалі прыйдзе такая страшэнная Мятла, што закрые ўсё неба, а потым ляжа на зямлю. Усе і ўсё загіне, і будзе канец свету.

Першае Неба ўтрымлівае ваду. Ваду на неба цягне з мораў, рэк, азёраў і балотаў Вясёлка. Яна апускае адзін канец у мора, ці ў раку, ці ў балота і як труба ўцягвае ваду. Весёлка бярэ ваду падчас з усім, што ў ёй ёсць. I калі б чалавек у той час падышоў, то ўцягнула б і яго. Таму маткі не дазваляюць сваім дзецям выходзіць на двор, калі на небе з'яўляецца Вясёлка і тым больш забараняюць бегаць па вадзе.

Вясёлка ўцягвае ваду ў сябе, а вада гэтая ідзе ў хмары. Потым хмары разносяць ваду па ўсім свеце. Вада прасяваецца праз хмары, бы праз сіта, і падае на зямлю дажджом. Калі хмары прадзяруцца, тады ліне дождж як з вядра, а з ім разам падаюць і кавалкі хмар. Людзі нярэдка знаходзяць пасля дажджу гэтыя кавалкі. Па знешнім выглядзе іх можна параўнаць са студнем — яны так і трасуцца, але на смак гідкія.

Хоць бы як захмарылася, але пакуль Весёлка не накачае вады — дождж не пойдзе.

Дождж мае некалькі назваў у залежнасці ад пары года, у якую ідзе, і ад акалічнасцяў, у якіх ён ці неабходны, ці непажаданы. Дождж ад Ярылавага дня аж да ўтварэння жытнёвага зерня завецца «хлебавік», падчас жніва — «гніляк»; у той самы час, але праліўны— проста «лівун». Восеньскі дробны дождж — «негадзь» альбо «халяпа». Дождж Бог пасылае на карысць людзям, але ніколі не можа дагадзіць усім, бо аднаму трэба дождж, а другому—пагода.

Град робіцца з таго, што на небе замярзае тая вада, што сачыцца праз нябесныя шчыліны. Лёд адрываецца ад неба і падае на хмары. Там ён таўчэцца на дробныя кавалкі. Як Бог хоча пакараць людзей, то і загадвае сваім памагатым зграбаць той лёд на зямлю.

Маленькі град, які не шкоДзіць ніве, робіцца так: ёсць такія вялікія горы, на якіх ляжыць снег, а на ім— шарбн. Хмары чапляюцца за тыя горы, заграбаюць з сабою той шарон, разносяць па свеце ды і рассыпаюць дзе трапіцца.

На першым Небе размяшчаюцца зоркі. На поўначы заўжды стаіць Воз, у які запрэжаны мядзведзі. Сітка — гэта тыя свечкі, якія гараць на Небе там, куды збіраюцца душы продкаў. Вечарніца — вячэр-няя зорка, якую Бог пасылае агледзець зямлю, пакуль наступіць цемень ночы, Зарніца — вялікая і вельмі ясная зорка, якая свеціць да самай раніцы. Яна будзіць людзей і кліча іх на працу.

Зорак на небе столькі, колькі людзей на свеце. Калі нараджаецца чалавек, то Бог запальвае на небе зорку. Кожны чалавек мае сваю зорку. Калі нараджаецца дзіця, Бог на небе запальвае новую зорку, каб было пароўну і зорак, і людзей. Падзенне зоркі азначае смерць чалавека ў гэтую хвіліну. Зорка зрываецца з месца і знікае ў прасторы.

Некаторыя людэі знаходзілі зоркі, якія ўпалі на зямлю( і нават насілі іх у розных аздабленнях, Уласцівасць гэтых зорак такая, што староннія бачаць і цешацца іх прыгажосцю, а ўладальнік ці той, хто ўпрыгожвае сябе зоркаю, бачыць у ёй толькі просты камень.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff