Касны. Шатаны. Прахі. Ератнікі. Чорная баба

Касны

Нядобрыя Духі Касны дзейнічаюць абавязкова гуртам, па адным яны амаль бясшкодныя. Калі ж нападаюць двое-трое Каснаў, то пакуль адзін назірае за ахвярай, астатнія спяшаюцца склікаць хаўруснікаў.

Напаўшы на ахвяру, яны прысмоктваюцца да яе, нібы п'яўкі, і не пакідаюць да таго часу, пакуль не давядуць да смерці. Касны тым з большай сілаю і злосцю прыстаюць да ахвяры, чым больш тая супраціўляецца. Ад злосці Касны шалеюць.

 

Шатаны

Шатаны назойлівыя і неадчэпныя, як і Касны, але жывуць і дзейнічаюць паасобку, не дзелячыся намерамі з іншымі Шатанамі. Яны вандруюць ад вёскі да вёскі. Панурыя, маўклівыя, гэтыя Духі не церпяць адзін аднаго, не прыйдуць на дапамогу, нават пры пільнай патрэбе не папросяць дапамогі сабе.

На шчасце, гэтыя Духі ў сваей большасці гінуць. Яны мала размнажаюцца, таму што пануры Шатан рэдка мае стасункі са сваёю Шатаніхаю і цярпець не можа чараўнікоў, якія беспакарана дражняць Шатаноў і прымушаюць іх да ўцёкаў.

У вольны час Шатаны плятуць лапці або майструюць дарожныя кіі; і лапці, і кіі ў іх хутка зношваюцца.

 

Прахі

Прахі — гэта ці Духі-пачаткоўцы, ці малаздольныя, ці гультаяватыя, ці тыя, што служаць у іншых Духаў на пабягушках. Самі па сабе яны не ўяўляюць небяспекі — па ўласнай волі не чапляюцца да ахвяры і пры выкананні даручэнняў перакручваюць чужыя намеры, за што часцей за іншых Духаў церпяць здзекі.

Якімі б праставатымі ні здаваліся Прахі, яны ўсё ж злосныя на людзей, жадаюць шкодзіць ім.

 

Ератнікі

Ератнікі — Нядобрыя Духі, якія кожную ноч паяўляюцца на дарогах, чакаюць тут і здзекуюцца з запозненых падарожнікаў, здзекуюцца з людзей і на іх уласных падворках, і ў будынках.

Ератнікі пачынаюць згубную дзейнасць пасля вячэрніх прыцемкаў і працягваюць яе да першых пробліскаў ранішняй зары. Дзёрзкі Ератнік раптоўна прыстае да ахвяры і абхоплівае яе аберуч ці проста хапае за горла. У тым і другім выпадку ахвяра траціць прытомнасць ці супраціўляецца, пакуль не развітаецца з жыццём. Тады Ератнік, нацешыўшыся са страху і пакут ахвяры, п'е цёплую кроў, а цела нявечыць. Нават калі ахвяра пры першым подступе Ератніка і не разгубілася, то далей не можа ад яго адбіцца.

На шчасце, Ератнікоў адносна няшмат, ды і нішчаць яны адзін другога. У поўнай начной цішыні два Ератнікі неміласэрна грызуцца, драпаюцца, душаць адзін аднаго, і не было яшчэ выпадку, каб адзін з іх застаўся цэлы. Акрамя таго, і людзі навучыліся зжываць Ератнікоў са свету. Параненыя вострымі металічнымі прадметамі, яны хутка гінуць. Кожны раз пры гібелі Ератніка матэрыяльнае рэчыва яго ператвараецца ў смярдзючы прах, які разбуральна дзейнічае на здароўе людзей і нават жывёл, калі праз ежу і пітво трапляе ў цела.

 

Чорная баба

Мятла, якая з'яўляецца над зямлёю, перакідаецца ў Чорную бабу. Па начах яна ходзіць па сёлах ды крэсліць вугалем на дзвярах хат крыжы. Дзе паставіць чорны крыж, у той хаце ўсе памруць. Калі стаіць

на небе Мятла, трэба самому накрэсліць вугалем крыж на сваіх дзвярах. Калі прыйдзе Чорная баба, дык пабачыўшы, што ўжо пазначана, пойдзе сабе, думаючы, што гэта яна сама зрабіла ды не помніць.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff