Духi хваробаў. Паветрые. Воспа.

Духi хваробаў

У сваім жыцці беларус сутыкаецца з вялікай колькасцю Духаў хваробаў. Адны Духі хваробы ўздзейнічаюць на асобных людзей, іншыя насылаюць эпідэміі. Ёсць Духі хваробаў, якія аднолькава шкодныя і для людзей, і для свойскай жывёлы.

Духі хваробы — памагатыя Багоў Таго Свету. Беларусы здольныя справіцца з многімі з іх, але абачлівасць ніколі не будзе лішняй. Непамыты і непрычасаны чалавек можа глядзецца ў люстэрка ці ў ваду беспакарана толькі два разы; на трэці раз Дух ужо «здымае» вобраз такога чалавека і на доўгі час робіць сваей ахвяраю. Акрамя таго, валодаючы чалавечым адлюстраваннем, Нядобры Дух можа зрабіць на ім у любы час сурокі, якія адразу перададуцца таму чалавеку.

3 даўніх часоў у Беларусі аддаюць пашану крыніцам. Крынічная вада — жывая вада, яна аздараўляе і ачышчае, як і агонь. Вясной, пасля першага грому, людзі ідуць да крыніц памыцца і памаліцца, ідуць у дні, здаўна ўстаноўленыя продкамі, бяруць ваду толькі для піцця.

Ёсць у крыніцах такая вада, што калі чалавек яе нап'ецца, то будзе вельмі дужы і здаровы, як дуб. Ёсць і такая, што і апошнюю сілу адбірае. Знахары добра ведаюць, у якой крыніцы якая вада. Яны бяруць яе і даюць жывёле або людзям. Такая вада вельмі дапамагае.

Паветрые

Эпідэміі прыносіць толькі з ветрам, таму народ так і называе іх — паветрые. Гэта паморак, чума, халера, воспа. Яны з'яўляюцца ў вёску пад выглядам жанчын, якіх, аднак, рэдка каму выпадае бачыць. Прыкінуўшыся прыгажуняй, такая хвароба звычайна спыняецца за сялом на могілках і адтуль упрыцемку і перад узыходам сонца памахвае на сяло чырвонай ці чорнай хусцінай. Ад гэтага махання людзі мруць як мухі. Па начах хваробы ў тым ці іншым абліччы ходзяць і па хатах. Але ім даводзіцца часта ўцякаць ад сабак, якія іх бачаць і пужаюць.

Калі мясцовасці пагражае заразная хвароба, жыхары адной ці некалькіх суседніх вёсак карыстаюцца такім сродкам. Двух валоў-блізнят запрагаюць у саху, зробленую, калі магчыма, майстрам з блізнят. Кіраваць сахою і валамі выбіраюць таксама братоў-блізнят. Адзін кіруе жывёлаю паперадзе, а другі правіць сахою. У суправаджэнні ўсіх жыхароў вёскі, не выключаючы немаўлят і ляжачых хворых, якіх нясуць на руках, праводзяць баразну (часам тры) вакол вёскі, улетку па зямлі, а зімою па снезе. Гэтая баразна мае такую сілу, што праз яе цэлы год не пяройдзе не толькі заразная хвароба, але і звер.

 

Воспа

Воспа — гэта Дух у выглядзе злоснай, агіднай старой з бліскучымі вачыма і з адным моцным зубам, які тырчыць вонкі. Цётка-Воспіца пырскае сваёю атрутнай слінаю ў намечаную ёю ахвяру, і тая хварэе на воспу. Пра чалавека, твар якога захаваў сляды гэтай хваробы, кажуць у насмешку, што на яго твары Духі гарох малацілі ці ячменныя крупы дралі. У розных мясцовасцях Беларусі Воспу завуць— Рабая, Рабуха, Шчарбачка.

 

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff