Паралікі. Чума. Моравая дзева

Паралікі

Паралікі не ідуць, як іншыя Духі, на заклік чалавека ў тую ж хвіліну, а значна пазней, нават праз гады. Любімымі ахвярамі іх бываюць людзі сталага ўзросту: мужчыны і жанчыны — усё роўна. Паралікі падступаюцца да чалавека спадцішка, быццам крадучыся: падступіцца і адступіцца, але з кожным разам усё бліжэй. Яны незаўважна авалодваюць ахвяраю, якая адчуе іх уздзеянне толькі тады, калі яны канчаткова зжыліся з ею.

Слабыя Паралікі да ахвяры падступаюцца заўсёды па двое-трое: тут яны працуюць папераменна і толькі пры асаблівым супраціўленні ахвяры — разам. Парадна не кранаюць душу сваей ахвяры, не нападаюць на яе непасрэдна, яны галоўным чынам даймаюць цела. Як паволі падступаюць Паралікі да ахвяры, гэтак жа няспешна, з неаднаразовымі вяртаннямі яны і пакідаюць яе.

 

Чума

Чума з'яўляецца перад людзьмі ў вобразе чорнай жанчыны, паветранай істоты, якая валодае вогненнымі стрэламі. Па начах яна лятае па паветры. Складкі белага адзення Чумы шырока распасціраюцца і закрываюць ззянне месяца. Яна не церпіць ні крыку пеўня, ні сабачага брэху, таму ўсюды, дзе яна пануе, сабакі перастаюць брахаць, а спеў пеўня робіцца хрыплы.

Калі Чума набліжаецца да выбранай мясцовасці, то ператвараецца ў цёмную птушку, часцей за ўсё пугача ці саву, і носіцца ў паветры, намячае сабе ахвяры. Часам уночы, пераследуючы якога-небудзь ча

лавека, яна кліча яго па імені і стогне, каб падарожны азірнуўся назад. Але той павінен не азіраючыся ісці наперад, інакш смертаносная красуня праткне яго сваей стралою, чорная атрута разальецца ў крыві — і агідная Смерць з'явіцца перад чалавекам.

Чума рагатай жывёлы ўяўляецца беларусам агіднаю старою, узброенай моцным вострым шылам. Сама яна звычайна не ходзіць, а яе цягае на сваей спіне чорная карова. Часам гэтая хвароба з'яўляецца сярод статка ў выглядзе чорнай каровы і заражае яго.

 

Моравая дзева

Перад надыходам паморку часам з'яўляецца Моравая дзева, якая, носячыся ў паветры, размахвае чорнай хусткаю. I над якой вёскаю яна памахае сваей смяротнай хусткай, у той вёсцы і пачнецца паморак. Здараецца, што яна махае хусткай, прасунуўшы руку ў акно якой-небудзь хаты. Тады ў гэтай хаце пачнуць паміраць людзі.

 

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff