| |
|
|
МараМара Мара — Дух, які па начах непрыкметна прабіраецца ў хату або гаспадарчыя пабудовы. Даволі часта з'яўляецца ў стадоле, асабліва калі там нехта спіць. Таму так часта і старанна, нават цёплай летняй ноччу, закрывалі перад сном у хаце ўсе вокны і нават комін. Закладвалі над дзвярыма абор ліпавыя галінкі, якія ахоўвалі жывёлу ад Мары. Мара здзекуецца з сонных людзей, не перапыняючы іх сну; Звычайна яна садзіцца на грудзі ці горла соннага чалавека і пачынае душыць, перашкаджаючы чалавеку дыхаць. Час ад часу адпускае яго, каб нацешыцца яшчэ большымі пакутамі ахвяры пасля перадыху. Ахвяра, імкнучыся выратавацца, падымае руку, каб адагнаць Мару, але вёрткая Мара прытрымлівае занесеную руку, прычым ад дакранання Мары рука млее, што дадае новыя пакуты. Адзіным сродкам выратавання ад Мары з'яўляецца згадка, што ўсё гэта адбываецца ў сне, а не на яве. Пакутнік прачынаецца — і Мара знікае. Але дадумацца да гэтага могуць толькі пажылыя людзі, да якіх Мара чапляецца наогул рэдка. Маладыя людзі, да якіх Мара любіць прыставаць, звычайна не дадумваюцца да гэтага сродку і вымушаны доўга цярпець пакуты. Як Мара на чалавека наляжа, то трэба варушыць мезеным пальцам на правай руцэ — і яна адляціць. Мара чапляецца ў сне пераважна да таго чалавека, які шумна правёў час перад сном і, значыць, з цяжкасцю можа разабрацца ва ўражаннях. Яна мяняе свой воблік, калі паслядоўна прыстае да адной і той жа асобы. Часцей за ўсё Мара нагадвае чалавека, ростам з тыднёвае дзіця, з голай скураю ці пакрытая рэдкім кароткім раскудлачаным пер'ем, часам поўсцю, мяккая пры дакрананні. Мара — нахабная і прычэплівая, падае на ахвяру неадчувальна і не адразу, а цішком, прычым першае яе дакрананне нават прыемнае. Адступаецца ж Мара ад ахвяры імкліва, пакінуўшы соннага са знямелымі рукамі ці нагамі ды вялікім потам на твары і целе. Каб адвадзіць Мару ад хаты, пазбавіцца ад яе, гаспадар, запрасіўшы яе на снеданне, кладзе на парозе накрыж мятлу і сякеру. Ад Мары пакутуе і свойская жывёла. Конь, на якім ездзіла Мара ўночы, мае на сваіх баках знакі, зробленыя кароткімі нагамі гэтага страшыдлы. Але Мара не пойдзе да скаціны, калі ў хляве вывешана забітая сарока. Мара здольная ператварацца ў розных звяроў або птушак. У ваколіцы адной вёскі Мару бачылі на кані. Калі яе злавілі, пачала яна змяняцца, прымаць розныя постаці, найчасцей звяроў. Нарэшце, змянілася ў каня. Каваль, доўга не думаючы, узяў і падкаваў яго. Вярнуўшыся дамоў, убачыў, што ў яго хаце сядзіць жанчына, у якой з рук цячэ кроў. Прыгледзеўся, а на іх падковы. |