Начніцы.

Начніцы

Жанчына, якая ніколі не мела дзіцяці праз свае шальмоўства або яе людзі праклялі, па смерці ператвараецца ў Начніцу. Начніца ходзіць ноччу па хатах, не дае дзецям спаць, шчыпае іх, дакучае, і дзеці плачуць усю ноч. Начніца дае ссаць з сваіх грудзей, але ў яе не малако, а атрута. Дзіця праз тое хварэе, мучыцца, а як не здагадаюцца бацькі, ад чаго і чым лячыць, то і памірае.

Выганяючы Начніцу, дзіця кладуць у прыпол, разгойдваюць перад полымем у печы і шэпчуць:

Цёмна ночка Начніц нарадзіла. Малому дзіцяці Мукі нарабіла. Яснае сонейка Дзень пачынае, Начніц праганяе, Дзянніц насылае. Шух у печ, шух у печ.

Дзяцей ад Начніц беларускія жанчыны засцерагалі і такімі спосабамі. На змярканні, па захадзе сонца, адчыняюць акно, што насупраць печы. Маці ці якая іншая жанчына бярэ хворае дзіця на рукі і падносіць да акна, а ў той час пад акном знадворку стаіць якая-небудзь жанчына. Яна нахіляецца да акна, тры разы дзьмухне на галоўку дзіцяці ды кажа: «Ідзіце, Начніцы, на сухі лес ды на ніцыя лозы». Потым дзіця купаюць, а ваду выліваюць у такім месцы, дзе ніхто не ходзіць.

Часам Начніц заблытваюць. Усё, што знаходзіцца каля дзіцяці, трэба перавярнуць і зрабіць не так, як было. Напрыклад: дзіцячую сарочку вывернуць і надзець рукаўцамі на ножкі, дзіця ў калысцы палажыць ножкамі ў галовы, у дзень вокны ў хаце завесіць, а ўначы не тушыць лучыну.

Каб Начніца не мела магчымасці пралезці ў хату, дзе ёсць малое дзіця, маці з брудных хустаў робіць лялек і ставяць іх на кожным акне па дзве-тры ды замаўляе: «Глядзіце, лялечкі, каб мой маленькі спаў!» — і Начніцы мінуцца.

Начніцы больш за ўсё валочацца па зямлі летам, як лес добра ўбярэцца ў лісце, як на паплавах зацвітуць кветкі, на палях выкаласіцца жыта. Яны робяць шкоду не толькі людзям, але і птушкам. Ноччу лазяць па гнёздах, выпіваюць яйкі і ядуць птушанят. 3-за іх пасля захаду сонца няможна шчупаць курэй, бо Начніца яйка ўкрадзе.

Жывуць Начніцы ў лесе каля вады. Збіраюцца ў кустоўі. Пішчаць, рагочуць. Іх можна бачыць каля возера ці ракі ў час, калі стаіць густы туман. Там Начніцы мітусяцца, скачуць ды спраўляюць свае ігрышчы. Калі іх напалохаць, то голыя Начніцы пабягуць да вады і схаваюцца ў ёй. Супакойваюцца Начніцы толькі з першымі промнямі святла.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff