Ліхаманка.

Ліхаманка

Духа хваробы Ліхаманку ў многіх месцах Беларусі называюць яшчэ Трасца.

Ліхаманка, або цётка-Ліхаманка, выходзіць з-пад зямлі восенню і вясною і бадзяецца па ўсім свеце. Месца знаходжання Ліхаманкі ў гэтыя часы — вада і балотныя мясціны, адкуль яна і прыстае да чалавека. Таму лячыць яе трэба менавіта зямнымі, а не вадзянымі і балотнымі рэчамі.

Усяго Ліхаманак — дванаццаць сясцёр. Колькасць недастатковая на увесь свет, таму яны толькі перыядычна наведваюць сваіх ахвяр; адсюль іх зменлівы характар. Ліхаманкі паасобку выбіраюць сабе на пэўны час жытло ў чалавечым арганізме, пераходзячы па чарзе ад чалавека да чалавека, і жывуць яго сокамі.

Ліхаманкі ходзяць па свеце, клічуць людзей, і хто адгукнецца, у тым адна з іх адразу паселіцца. Ліхаманкі падпільноўваюць сваіх ахвяр і пры набліжэнні чалавека ператвараюцца ў пару, стараючыся залезці пад кажух ці світку. Пасля вяртання чалавека дахаты яны пачынаюць дзейнічаць.

Часам Ліхаманкі проста прыходзяць да людзей уночы ў выглядзе прыгожых жанчын. Калі той, да каго яны набліжаліся, не ўставаў ці не гразіў ім, то і ў яго ўваходзіла Ліхаманка.

Любяць Ліхаманкі сядзець на асіне, і асіна ўвесь час дрыжыць кожным сваім лісточкам, бо гэтая погань яе калоціць. Увесну і ўвосень нельга спаць на захадзе сонца: тады найхутчэй у безабароннага чалавека ўваходзіць Ліхаманка ці прыстае іншая ўнутраная хвароба. Часта здараецца, што, не паспеўшы па нейкай прычыне ўвайсці ў соннага, Ліхаманка спяшаецца зрабіць гэта адразу пасля яго сну. Прачнуўшыся, чалавек выразна чуе, што яго называюць па імені, хоць ён і не бачыць таго, хто кліча, а гэта кліча Ліхаманка. Як толькі чалавек адгукнуўся, Ліхаманка завалодвае ім. Таму прадбачлівы чалавек не павінен адгукацца, не пераканаўшыся, што яго кліча не прывід, а сапраўдны чалавек.

Часам Трасцы з'яўляюцца ў сне, прадказваючы хваробу ці зыход яе або засцерагаючы чалавека ад пагрозы хваробы. Трасца смяротная гаворыць звычайна: «Ляшчына, не ляшчына, а я цябе насмерць затрасу!» Калі чалавек засне выпадкова ў тым месцы, што запэцкана скацінаю, то іншыя Трасцы з'яўляюцца чалавеку ў сне і будзяць яго, каб неадкладна ўстаў. Калі чалавек не паслухае, Трасца плюе на соннага і той адразу ж захворвае на трасцу.

А то бывае і так. Пайшоў неяк адзін чалавек у лес па бярозавы сок, набраў яго поўнае вядро ды і панёс дахаты. От падходзіць ён ужо да вёскі, аж каля дароri на плоце сядзіць нейкая вельмі худая жанчына ды просіць піць. Той чалавек падаў ёй вядро з сокам. Глынула яна трохі соку ды і прапала, бы ў зямлю правалілася. Здагадаўся чалавек, што гэта была Трасца, але няма чаго рабіць, пайшоў дамоў. Толькі ўвайшоў у хату, як пачала яго трасці трасца, дык аж зубы ляскочуць. Пракачаўся ён з ёю тыдняў шэсць, пакуль знайшоў такіх людзей, што яны адрабілі.

Час ад часу Трасцы збіраюцца разам звычайна на якой-небудзь лясной палянцы. Там яны расказваюць пра свае справы, складаюць планы на будучае, дзеляць між сабою нагледжаныя ахвяры.

Беларусы вызначаюць аж дванаццаць постацей Трасцаў.

Трасца смяротная выклікае смерць заўсёды, без выключэнняў.

Трасца ўнутраная паражае вантробы, у прыватнасці «каля сэрца нудзіць». Трасца павярхоўная выяўляецца тады, калі «скура выбіваецца наверх». Трасцу касцявую суправаджае ламата ў касцях.

Трасца пудавая ўзнікае з перапуду. Спыняе гэтую ліхаманку любы нечаканы моцны перапалох. Дзеля гэтага можна знянацку абліць хворага вядром холоднай вады, разбіць над галавою ў яго гліняны гаршчок. Ва ўсіх гэтых выпадках трэба мець на ўвазе, што тут пужаецца не чалавек, а Ліхаманка, што залезла ў яго.

Трасца веснавая пануе ўвесну. Трасца лістападная, ці восеньская, — адна з найбольш упартых постацяў.

Трасца гарохавая пануе, калі цвіце гарох. Супраць яе найлепшым сродкам лічыцца сон у гаросе, калі той цвіце. Ад асінавай Трасцы можна пазбавіцца, сагнуўшы маладое асінавае дрэва і расшчапіўшы яго. Хворы на ліхаманку тры разы голы пралазіць праз расшчэплены не да канца ствол, а потым зноў надзявае кашулю, але толькі навыварат. Трасца ядленцавая — супраць яе дапамагае адвар з ядлоўцавых ягад, сабраных на веташку.

Трасца агнявая — супраць яе дапамагае любое цяпло: пацець, парыцца ў лазні, грэцца на печы і т.д. Трасца ледавая патрабуе халодных лекаў. Напрыклад, глытаць кавалкамі лёд, купацца ў часе прыпадку ў халоднай вадзе. Холад таксама дапамагае ад Трасцы пудавой і ад пярэпалахаў.

Ад Трасцаў шмат усялякіх лекаў, але не ўсе і не кожнаму дапамагаюць: аднаму памогуць, а другому не. Ды яшчэ шмат залежыць ад таго, на якую Трасцу нападзеш. Каб не падхапіць ліхаманку, трэба як мага часцей знаходзіцца пры конях.

Калі Трасца толькі гняце ды ломіць косці, то трэба напіцца свежага бярозавага соку ці кіслага малака, тады яна пачне трэсці, а як трасе, то хутчэй можна ад яе адчапіцца.

Трасцу нельга лаяць. Пра яе ўспамінаюць з прыгаворкаю: «Няхай яна здаровенькая і вясёленькая ходзіць», і нават на Дзяды клічуць на вячэру Трасцухну-матухну.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff