Халера

Халера

Халеру беларусы ўяўляюць у вобразе жахлівай жанчыны з доўгімі светлымі валасамі і бліскучымі вачыма. Яна раскідвае па зямлі зерне хваробы, якое вымае з невычэрпнага кошыка. Робіць яна гэта часцей за ўсё вясною, і зерне яе прымешваецца да агароднага насення і заражае яго. Калі яна ідзе па вадзе, то заражае і яе.

Халера прыходзіць у вёску пад выглядам старой жанчыны, ці каровы, ці якой-небудзь іншай жывёліны. Ходзіць уночы па хатах і атручвае квас і іншае пітво, пакінутае непакрытым. Таму ў халерны час трэба як мага старанней прыкрываць ваду, квас, бярозавы сок, сыроватку і малако.

Як толькі дзе блізка аб'явіцца Халера, то трэба асцерагацца, каб яна як-небудзь не прабралася на вёску. Для гэтага лепш за ўсё нікога і нічога не пускаць, раскладваць на дарозе жывы агонь. Гэты агонь павінен гарэць дзень і ноч.

Можна скарыстаць і іншыя спосабы барацьбы з халераю.

Трэба, каб маладыя дзяўчаты, паскідаўшы з сябе сарочкі, запрагліся ў саху і абаралі вёску кругам.

Каб Халера не прабралася на вёску, трэба ўзяць апалены з двух канцоў ожаг паміж ног ды і «аб'ехаць» вакол вёскі так, каб акрэсліць на зямлі замкнуты круг. Такі круг засцерагае не толькі ад халеры, але і ад усялякае пошасці і ад паморку ці упадку гавяды.

У час халернай пошасці стараліся знайсці валоў белай масці, на якіх яшчэ не пачыналі араць; такіх валоў запрагалі ў саху і абворвалі імі вакол сяло ці вёскі. Ратаі абавязкова павінны былі быць блізнятамі, з якіх адзін кіраваў сахою, а другі — валамі. Пасля такога абворвання пошасць спыняецца.

Як хто першы захварэе на халеру, то лепш за ўсё таго чалавека пахаваць жыўцом: тады разам з хворым пахаваецца і Халера.

Часамі Халера прыкідваецца якою-небудзь беднаю жанчынаю, якая просіцца, каб яе падвезлі да вёскі.

...Ехаў познім вечарам адзін чалавек да сваей вёскі, ажно на дарогу з-пад моста вылазіць нейкая худая баба і просіцца ў яго:

— Чалавечку, падвязі мяне.

У чалавека ад жаху валасы дыбам сталі — думае, што гэта Дух. А баба яму кажа:

—  Не бойся, я табе нічога не буду рабіць. Падвязі, то нешта скажу.

Ён —няма рады:

—  Сядай.

Яна села і стала гаварыць:

—   Цяпер у вас скаціна хварэе. Чалавек пацвярджае:

—   Але ж, хварэе. Яна зноў:

—  А на весну людзі будуць хварэць. Будзе ўраджай, але не будзе каму есці.

Прамовіла так і знікла. А была гэта не простая баба, а Халера.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff