| |
|
|
Шкадлівыя Духі хатыШкадлівыя Духі хаты Акрамя галоўных Духаў хаты ў ёй жыве яшчэ шэраг Духаў, якія не імкнуцца дапамагаць гаспадарам, не робяць шкоды, але і карысці ад іх няшмат. Адзін з такіх — Пячурнік. Пячурнік — Дух, які звычайна жыве дзе-небудзь пад печчу ці ў запечку. Сваім абліччам ён нагадвае ката, але калі б той хадзіў на задніх лапах. Пячурнік з'яўляецца апекуном таго дома, дзе ён жыве. Чалавеку Пячурнік стараецца не паказвацца. Вельмі падабаецца яму, калі гаспадыня нанач выстаўляе для яго на печы пачастунак: рэшткі вячэры альбо малако. Дух гэты бывае ахвочы пажартаваць — знесці якую патрэбную ў гаспадарцы рэч з таго месца, дзе яна звычайна знаходзіцца, і схаваць яе ў якоесь іншае месца. Калі Да Пячурніка ставяцца без належнай павагі, ен — ці то ад суму і крыўды, ці, можа, з помсты — некалькі начэй запар будзе выць і крычаць у коміне, грукаць юшкай. Пячурнік прадчувае бяду і непрыемнасці, што могуць адбыцца з гаспадарамі. Тады ён пачынае кратаць мэблю, стараючыся зрушыць яе з месца, скіднаць і разбіваць посуд. Такім чынам ён папярэджвае пра нейкую небяспеку, якая можа адбыцца ў недалёкай будучыні. Побач з Пячурнікам жывуць Кікімары. Звычайна месцазнаходжанне іх у хаце — пляцоўка на паверхні печы і падпечак, куды яны нябачна спускаюцца. Галоўным чынам Кікімары збіраюцца ў тыя дамы, дзе адбылося забойства дзяцей. Кікімары — гэта душы дзяцей, праклятых маткаю яшчэ ў чэраве. Выглядаюць як юныя істоты, выключна жаночага полу. Яны зусім бясшкодныя, хоць і засылаюцца ў дамы людзей з варожай мэтаю. З'явіўшыся ў хаце, Кікімары зусім забываюцца пра мэты знаходжання ў доме, загульваюцца і перашкаджаюць жыхарам хіба адной валтузнёй, ад якой чуваць няпэўны шум уперамешку з рэдкім знямоглым піскам і віскам. Але сярод самай ажыўленай валтузні Кікімары часам спыняюцца: гэта значыць, уваГа іх прыцягнута хатняй абстаноўкай, тою ці іншаю работаю, немаўлятамі, якіх песцяць іх мацяркі. Тады Кікімары не па-зямному, неяк асабліва ўздыхаюць, чым выказваюць зайздрасць да чужой ласкі і недасягальнае жаданне мець яе самім. У асобныя імгненні Кікімары могуць прымаць цялесны воблік. Тады іх няцяжка злавіць і разгледзець. Калі здагадлівы чалавек хуценька выстрыжа ў Кікімары валасы на цемені крыж-накрыж, яна назаўсёды застанецца чалавекам і працягвае расці як звычайнае дзіця. Але ранейшае жыццё Духаў вядзе да таго ці іншага недахопу: крывізны рук ці ног, касавокасці, нематы, заікання, благой памяці і розуму — вось непазбежныя недахопы былой Кікімары, якая з узростам зусім забывае пра свае даўняе жыццё. Не ведаючы ніякай работы, Кікімары часцей за ўсё накідваюцца на адкладзенае некім шытво і пражу, каб дагадзіць ласкавай маці ці яе дачцэ, і працягваюць перапыненую работу. Але лепш бы яны не дапамагалі: атрымліваюцца крывыя і няўмелыя швы, няроўнасць выпрадзеных нітак. Раніцой жанчыны, разбіраючы начную працу Кікімар, выказваюць у адрас «майстрых» дакоры, нават лаюцца. Усё гэта яшчэ больш засмучае бедных Кікімар, выклікае больш цяжкія ўздыхі. Ноччу трывожыць і пужае людзей у час сну Валасень. Ён мае выгляд невялікай істоты з цёмнай густой доўгай поўсцю, што ходзіць выпрастаўшыся. У яго вялікія сяміпальцыя далоні з доўгімі пазногцямі. Мужчын Валасень драпае кіпцюрамі па твары, казыча ім нос. Жанчын і дзяўчат Валасень хапае за грудзі, а то і навальваецца на іх усім сваім калматым целам, кудлаціць ім валасы. Дзяцей Валасень таксама пужае, гудзе ім у вушы, казыча пяткі. Днём мітусяцца па хаце Шэшкі — вольныя Духі. Яны ўяўляюць нешта радаснае ў гурце Нядобрых Духаў. Беларусы ласкава завуць іх — Шэшачкі. Гэтаму, зрэшты, адпавядае маленькі рост Шэшкі — не большы, чым у рослай кошкі. Яны вёрткія, рухавыя і ў той жа час легкадумныя. Асабіста самі Шэшкі не могуць ухапіць ахвяру, а тым больш — давесці яе да пагібелі. Сапраўдныя Духі глядзяць на Шэшку як на блазнаватага. Чалавека ж ён падкупляе ласкавымі заляцаннямі, гуллівасцю, гарэзлівасцю. Шэшка раптоўна набліжаецца да чалавека, дражніць, адрывае ад важнай справы. Падчас пэўнай работы гаспадару даводзіцца шукаць інструмент, які хвіліну перад гэтым трымаў у руцэ. Шэшка хапае з-пад рук і выносіць прэч патрэбныя прадметы, цешачыся злосцю чалавека, які траціць час на пошукі згубленага прадмета. Шэшкі вытвараюць толькі дробныя свавольствы, якія не прыносяць надта вялікай шкоды. Гэта з-за іх рвецца на кроснах у час работы прадзіва, цяжка прасоўваецца нітка ў вушка іголкі альбо блытаецца ў час шытва. У доўгія вольныя вечары, калі чалавеку няма чым заняцца і яго ахопліваюць грэшныя думкі, Шэшкі паяўляюцца гуртам, мітусяцца вакол яго, заляцаюцца, чапляюцца. Але такое прыставанне Шэшак гуртам бывае адносна рэдка: яны жывуць па хатах і дзейнічаюць пераважна паасобку. |