Хлеўнік

Хлеўнік

Калі пераязджаюць у новую хату, Хлеўніка, як і Хатніка, запрашаюць з сабой. Разам з Хлеўнікам у хляве жыве яго жонка — Хляўніца.

Хлеўнік пераважна звязаны з гаспадарскімі коньMi і каровамі, вельмі рэдка — з авечкамі. Коз і свіней Хлеўнік не любіць і іх прысутнасць у хляве ледзьве пераносіць.

Летам і зімою Хлеўнік пастаянна застаецца ў хляве. Займае ён задні кут хлява ці залазіць на бэльку, на курынае седала, адкуль назірае за скацінаю. Кожны раз, калі скаціна выпраўляецца ў поле ці вяртаецца ў хлеў, ён падыходзіць да парога. Здараецца, найбольш любімую з жывёл Хлеўнік суправаджае на пашу, нават застаецца пры ёй ледзь не да вяртання дадому. У руках ён увесь час носіць пугу і часта ёю ляскае. Калі пры пашкоджанні хлява скаціну заганяюць у іншую гаспадарчую пабудову ці ў палявую загарадку і яна начуе там, Хлеўнік ідзе за жывёлай і займае свае звыклае месца — кут, бэльку ці жэрдачку.

Калі Хлеўніку падабаюцца гаспадары, калі даспадобы прыйшлася яму масць жывёлы — ён песціць і чысціць кожную жывёліну, а коням нават заплятае грывы і хвасты. Любімцам ён носіць ваду хатнімі вёдрамі, цішком падхопленымі ў сенцах ці пад паветкаю. Падкладае ім наболей корму, не дапускае крыўды іншымі жывёламі. 3 нелюбімай жывёлы Хлеўнік здзекуецца. Ён кудлаціць, нават выдзірае шэрсць, грывы і хвасты скручвае ў каўтуны, трывожыць уночы, гойсае да апошніх сіл жывёлы па хляве. Болей за ўсіх дастаецца нялюбай кабыле, на ёй Хлеўнік выязджае на двор, у гумно. Носіцца з канца ў канец па вёсцы, скача па дарозе ці па полі і за адну толькі ноч давядзе яе так, што кабыла спадзе з цела. Акрамя таго, ён адштурхоўвае нелюбімую жывёлу ад корму і пойла. Тая худнее, марнее, самкі скідваюць плод.

У час сваіх стасункаў з жывёламі Хлеўнік застаецца нябачным і толькі зрэдку ўзнікае ў вобразе скурчанага, зморшчанага, худога чалавека: здаецца, нібы шкілет хлопчыка памясцілі ў скуру дарослага. Ён можа дзейнічаць і ў цемры, аднак абыходзіць скаціну і дае распараджэнні пры свечцы з сінім полымем, якую запальвае крэсівам і трутам.

Пры згадванні Хлеўніка імя яго не называецца. Асцярога забараняе глядзець у кут, на бэлькі і шасты, дзе, мяркуецца, знаходзіцца Хлеўнік. Пры неабходнасці крануць бэльку, жэрдку трэба спачатку назваць гэтыя прадметы, каб папярэдзіць Хлеўніка, які са сну можа нарабіць нямала бяды.

Калі пажадана пазбавіцца ад Хлеўніка, дык варта пасяліць у хляве казла і ў стайні павесіць забітую сароку. Хлеўнік зусім не церпіць сарокі, таму што яна часта садзіцца на хлеў і стракоча, выдаючы гэтым яго знаходжанне. Казёл і забітая сарока даводзяць Хлеўніка да шаленства. Ён пачынае шкодзіць нават любiмым жывёлам і, нарэшце, зусім сыходзіць з хлява.

Час жыцця і магчымая пагібель Хлеўніка такія самыя, як і Хатніка. Але Хлеўнік старэе і гніе ад знаходжання ў брудным хляве хутчэй за Хатніка. Калі хлеў утрымліваецца неахайна, Хлеўнік больш сядзіць у сваіх патаемных месцах і скацінаю мала займаецца, гады і найбольш любімыя ім жывёлы застаюцца без яго догляду, робяцца бруднымі. Паморак скаціны — гэта альбо помета Хлеўніка, які заносіць заразу, альбо неабходная ахвяра пры яго пагібелі. Калі на сядзібе загінуў Хлеўнік, там ніколі не развядзецца скаціна.

З'яўленне на сядзібе прыблуднага Хлеўніка — чужога, які асіліў мясцовага, і выцесніў яго з месца пражывання, нясе вялікую шкоду гаспадарцы.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff