| |
|
|
ВырайДзесьці на поўдні Сусвету, за гарамі ды за марамі, непадалёку ад яснага сонца ёсць Вырай — мясціна, куды адлятаюць птушкі і душы памерлых людзей. Але не кожная душа трапляе ў Вырай, а толькі тая, якую Багі неба адзначаць. Там чалавечыя душы працягваюць жыць, не ведаючы пакутаў і гора. Вырай — краіна вечнага святла і цяпла, цудоўных садоў і жывёл. Пры жыцці Вырай даступны толькі птушкам. Птушкі з ўсёй зямлі ляцяць у Вырай. I з Беларусі некаторае птаства адлятае туды на зіму. Яно там жыве і расце, пакуль у нас зіма. Таму тая старана і на-зываецца Выраем, што птушкі раяцца толькі там. Птаства жыве ў Выраі толькі зіму, а на лета зноў вяртаецца да нас. Птушак, як і людзей, Бог дзеліць на добрых і ліхіх. Як душы ліхіх людзей ніколі не трапляюць у Вырай, так і ліхія птушкі сланяюцца па зямлі, забіваюць іншых, ды, нарэшце, самі дзе-небудзь гінуць. Добрыя ж птушкі жывуць лецечка тут, у нашых гаях, цешаць добрых людзей. Так Белбог загадаў: каб птушкі пелі, шчабяталі ды радавалі сэрцы людзей. Як пачне халадаць, яны ляцяць у Вырай, дзе таксама спяваюць ды цешаць душы людзей. Вялікі грэх забіваць тых птушак, якія восеню адлятаюць у Вырай. |