| |
|
|
ПалявікПалявік У полі водзіцца Дух, нечым падобны да Лесавіка. Гэта Палявік. У яго ёсць жонка — Паляха. Палевікі радня Хатнікам. Беларусы звяртаюцца да Палевіка з просьбамі пра ўраджай. Тэрыторыя існавання Палевіка — палі і лугі (з усімі пагоркамі, нізінамі і ярамі, што мяжуюць з палямi) адной або некалькіх сумежных вёсак, не раздзеленых адна ад аднае ні лесам, ні вадою. Палявік можа жыць на горцы, у доле, у канаве. Таксама можа туліцца ля каменя ці ля палявога дрэва, куста, межавага слупа. У час разводазя ці пры моцных дажджах ён уцякае ад вады на вышэйшыя мясціны, таму што цярпець не можа макрэчы. Найгорш жывецца Палевікам вясною і восенню, калі слата і макрэча: якім бы вялікім ні было іх жаданне шкодзіць чалавеку і яго дабру, яны не могуць расстацца з утульным сухім месцам, не могуць мясіць нагамі бруд і гразь. Але тут нярэдка сам чалавек даецца ім у рукі, калі прыходзіць адпачыць на сухадоліну. Каб утрымаць чалавека, Палевікі лашчаць і закалыхваюць яго зацішкам, сонечным цяплом, пакуль у яго не пачнуцца дрыжыкі, якія нярэдка пераходзяць у хваравітую ліхаманку. Палевікі гасцююць адзін у аднаго, дапамагаюць мучыць знойдзеную ахвяру, па-сяброўску пераклікаюцца, асабліва начною парою, калі стаіць добрае надвор'е. Зімою Палевікі сыходзяцца на забавы. Любімая з іх — знішчэнне дарожных вешак, зацярушванне дарогі, занос снегам канаваў і калдобін, каб туды трапіў прахожы ці праезджы, які збіўся з дарогі. Палевікі доўга водзяць яго ўзад і ўперад, пакуль той не замерзне. Палявік разбурае загародкі, вешкі, заваблівае скаціну ў шкоду выглядам хлебных і лугавых раслін. Toe ж робіць Палявік, калі заманьвае дзяцей і моладзь у кветкі для гульняў і зборышчаў. Учыняе ён і прамую шкоду: прыгінае да зямлі збожжа і траву, скручвае расліны, адхіляе дождж, насылае шкодных насякомых, водзіць да знямогі дзяцей, што заблудзіліся. Мучыць жывёлу на пашы, як і людзей за работаю, аваднямі, сляпнямі, камарамі. Не пашкадуе Палявік і сталага чалавека, калі той засне на кучы камянёў ці палявых каранёў, якія збіраюць пасля баранавання, у бруднай канаве ці мокрай лагчыне. Усіх наведвальнікаў палёў і лугоў Палявік насцярожвае перадражніваннем, свістам. Ён прымае выгляд пачварнага ценю, то гоніцца за чалавекам, то аддаляецца ад яго, заманьваючы ахвяру. Варта толькі паддацца на прынаду Палевіка, і чалавек пацерпіць за сваю даверлівасць. Палявік раптам можа забіць чалавека на месцы. Але часам Палявік клапоціцца пра ўраджайнасць палёў, пра ўкосныя сенажаці, выганяе адсюль шкоднікаў, раўняе сцябліны і лісты раслін, але гэта робіцца дзеля таго, каб прывабіць сюды як мага болей людзей, між якіх ён, несумненна, знойдзе ахвяру. Здараецца, што ён гоніць непажаданых, тых, хто зайшоў у яго ўладанні дзеля ўласнага спакою. Палявік вартуе палявыя скарбы, якія не выдае чалавеку ні пры якіх умовах. Ён неміласэрна помсціць таму, хто выпадкова знаходзіць скарб. Ведаючы гэта, шукальнікі скарбаў не звяртаюцца да Палевіка, а калі зробяцца ўладальнікамі палявога скарбу, стараюцца не трапляць у мясціны, дзе жыве Палявік. Як гінуць Палевікі і ці гінуць наогул — беларусы не ведаюць. Вядома, што гэтыя асцярожныя Духі хутчэй за іншых адчуваюць набліжэнне навальніцы і ўмеюць хавацца ад Перуновых стрэлаў. Да того ж і сама тэрыторыя Палевікоў, калі там няма высокіх дрэў, якія растуць паасобку, рэдка прымае ўдары грому. Беларусы ж пакуль не прыдумалі надзейных сродкаў на пагібель Палевікоў. Ад іх церпяць параўнальна менш, чым ад астатніх Духаў, і таму часам нават шануюць іх. Калі на полі, як жнуць, застаецца вада або квас, то іх выліваюць на мяжу або на дарогу — на гасцінец Палевіку, каб ён не псаваў збожжа. |