| |
|
|
Свойскі вужСвойскі вуж Хатні, або свойскі, вуж павінен быць у кожнай гаспадарцы. Дом без дваровага вужа быць не можа. Беларус любіць вужа, дае яму ў хаце пад печкай прытулак. Корміць хлебам і малаком нароўні з дзецьмі. А калі захоча пачаставаць на славу, то дае вужу гладыш казінага малака. Вуж мірна жыве ў сялянскай сям'і. Нікога ў доме не кусае, поўзае па хаце, як сем'янін. Калі дзеці возьмуцца за лыжкі, зараз жа набліжаецца да іх і працягвае морду да міскі. Бывае, што дзіця трэсне вужа лыжкаю па лбе. Зашыпіць ён, адпаўзе на хвіліну, з'явіцца з другога боку і зноў суне морду ў міску. У якім доме жыве вуж, таму дому суджаны дастатак і шчасце. Калі здохне вуж, беларус моцна па ім сумуе. Але і па смерці вуж дапамагае чалавеку. Здзірае беларус скурку з вужа, вытоплівае тлушч і робіць з яго свечку, якую беражэ на чорны дзень. Здарыцца бяда, пачне прыціскаць багаты сусед ці нядобры чалавек, тады беларус бярэ тую свечку: запаліць яе, — хаця б і ўдзень,— свет яе разальецца па ўсёй Беларусі, дойдзе ва ўсе цёмныя месцы. Прабудзяцца вужы ўсе да аднаго і спяшаюцца на дапамогу чалавеку. Статак пярэстых вужоў паўзе на агонь свечкі, а паперадзе ўсіх выступае Гаспадар вужоў. Калі нехта пакрыўдзіў беларуса, адно слова — і ўсе вужы да ліхадзея, помсціць за крыўду. Патрэбны чалавеку скарбы ці што іншае — вужы абшукаюць усё пад зямлёй і прынясуць што трэба. Так вялося ў старыя часы, так і цяпер вядзецца. Жыў у адной хаце свойскі вуж. Гаспадар не крыўдзіў яго, гаспадыня, падаіўшы карову, частавала цёплым малаком. Дзеці прымалі вужа ў супольныя гульні. I здарылася так, што знайшлі яны, гуляючы, у старой прызбе каля хаты яйкі, якія вуж той паклаў, каб вывеліся з іх маленькія вужаняткі. Спалохаўся вуж, калі ўбачыў, што яго дзеткам бяда пагражае. Кінуўся ён да гаспадаровых дзяцей, віўся каля іх рук, імкнучыся адхіліць бяду, і жаласна сіпеў: «Не крыўдзіце маіх дзетак! Аддайце іх мне!..» Але дзеці не разумелi вужачай мовы. А каб ён не замінаў ім у гульнях, узялі дубец і прагналі з падворка. Папоўз, бядуючы, вуж у пушчу. Паўзе і плача над сваім няшчасцем. Бачыць: выпаўзае са спарахнелага пня яго знаёмая змяя. — Чаго так сумуеш? — пытаецца яна ў вужа. А той і кажа пра свае няшчасце. Змяя пасміхнулася ды кажа: — Не плач, я табе зараз памагу. Не паспеў і азірнуцца вуж, як змяя шусь на падворак ды ў сялянскую камору, дзе якраз стаялі гладышы з малаком. Падпаўзла яна да аднаго гладыша, узнялася над ім, разявіла пашчу і ўпусціла ў яго кроплю атруты. Потым атруціла і астатнія. Анямеў ад жаху вуж, гледзячы на змяіныя злачынствы. А тая жвава перапаўзла цераз парог на падворак, сыкнула вужу: — Вось я і адпомсціла за тваіх дзетак! — ды шмыгнула з падворка зноў у пушчу. Усё гэта праз шчылінку ў дзвярах да каморы бачыла гаспадыня. А тут на падворак увайшоў сам гаспадар, заўважыў, чым гуляюць дзеці, ды зараз жа загадаў: — Асцярожненька збярыце і занясіце ўсе яйкі туды, дзе іх узялі і закапайце іх у лісце і кастрыцу так, як яны ляжалі раней. Дзеці зрабілі ўсё, як ім было загадана. Тады бацька і кажа ім: — Гэта яйкі нашага вужа. Ён закапаў іх у прызбе дзеля таго, каб праз некалькі дзён з кожнага яечка вылупілася маленькае вужанятка. Вось таму і нельга чапаць іх, нельга крыўдзіць вужа. А вуж, убачыўшы, што яго дзеткі ўратаваны, адразу кінуўся да каморы. Дзверы былі моцна зачынены. Тады ён, знайшоўшы мышыную норку, праціснуўся цераз яе ў камору і пачаў выварочваць гладышы з атручаным малаком. Нездарма ж па сёлах, што параскіданы вакол пушчаў, людзі кажуць: «I самы люты звер за дабро дзякуе дабром». |