Кладнік

Кладнік

Гаспадарамі над схаванымі ў зямлі скарбамі з'яўляюцца Кладнікі. Яны выглядаюць як худыя сталыя мужчыны. Апранаюцца Кладнікі ў срэбраныя світкі, абуваюцца ў гэткія ж лапці, зрэдку — у боты з залатымі насамі. Канічныя шапкі Кладнікаў зробленыя з літага золата, паясы — залатыя ланцугі з вялізным замком. Дарожныя кіі — з чыстага срэбра з залатымі булдавешкамі і наканечнікамі.

Хата і ўсё хатняе начынне Кладнікаў блішчыць золатам, срэбрам, каштоўнымі камянямі. Каштоўныя камяні выкарыстоўваюць яны для асвятлення дома і ў дарозе.

Пры сваіх незлічоных багаццях Кладнікі — беднякі, таму што са свайго велізарнага дабра яны не выкарыстоўваюць на харчовыя патрэбы нічога. Ідзе Кладнік; заліты золатам ды срэбрам, — і ад знямогі ледзьве перастаўляе ногі. У срэбнай кайстры яго валяецца хлебная скарынка, недаедзеная некім ці ўкрадзеная, ці выпрашаная як міласціна, паколькі Кладнікі не грэбуюць самымі бессаромнымі сродкамі здабычы харчавання.

Незвычайная сквапнасць спалучаецца ў Кладнікаў са злосцю не толькі на людзей, але і на сваіх братоў.

3 людзьмі яны не ўступаюць ні ў якія здзелкі, а ў братах-Кладніках бачаць пасягальнікаў на дабро, якое ахоўваюць. Кладнікі павінны нарошчваць дабро за кошт ахвяры, а яшчэ лепш — пагібелі душы гэтай ахвяры. Яны загубілі шмат людзей, таму што тыя звычайна самі навыперадкі ідуць да іх. Так будзе і надалей, пакуль людзі не перастануць цягнуцца да скарбаў, як матылі да агню.

Кладнікі сочаць за ўладальнікам дабра, які жадае схаваць яго ў зямлю. Як толькі той прыкрые скарб першым слоем зямлі, Кладнік падхоплівае скарб і нясе яго ў глыбіню. Пасля гэтага чалавек, што паклаў скарб, ужо не гаспадар схаванага дабра. Ён можа зноў убачыць свой скарб толькі тады, калі захоча нешта дакласці.

Раз-пораз Кладнік падымае на паверхню зямлі то адзін, то другі скарб для праветрывання. Гэты момант самы зручны для захопу клада без страты для таго, хто яго знайшоў, толькі б на гэтую пару каля клада не было яго страшнага гаспадара. Але гэта здараецца вельмі рэдка і ўдаецца толькі нязначнай колькасці шчасліўцаў.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff