Белбог

Бацькам Багоў з'яўляецца БеЛбог. Беларусы завуць яго яшчэ Белуном: Белбог зрабіў сабе Неба, а людзям — Зямлю і ўсё, што на ёй. Ён жа гаспадар Выраю.

Людзям Белбог з'яўляецца ў вобразе гожага сівога дзеда з доўгай белай барадою. Ён апрануты ў белае адзенне і заўсёды з кіем у руках. Белбог літасцівы і творыць адно дабро. Напачатку Бог сам прыходзіў да людзей на зямлю. Ён навучаў іх, як жыць на свеце, як працаваць ды здабываць кавалак хлеба.

Белбог справядлівы, але ліхому ніколі не спусціць, ніколі не даруе. Каб ён захацеў, то ўсіх Нядобрых Духаў звёў бы са свету. Але не робіць гэтага, каб на людзей быў страх, а то яны б і Бога забылі. Бывае ліхое і Бога перамагае, але гэта толькі на час, каб потым паказаць, што Белбог мацней за ўсіх.

Бог над чалавекам з путаю не стаіць, кожны як хоча можа жыць. Калі хто Бога не баіцца, то ён горай сабакі. Што чалавек без Бога? Цьфу, ды і толькі! Сягоння — гад, а заутра — падла, ад якой толькі нос верне.

Не таго Бог выслухае, хто ўмее добра яго прасіць, а таго, хто можа і не моліцца, а толькі шчыра ўздыхне ды падыме вочы да яго. Жыві па-Божаму, на Бога спадзявайся і нікога не бойся, бо мацней за Белбога нікога няма.

Часам Белбог сыходзіць на Зямлю. Ён паказваецца толькі ўдзень, пры сонечным святле, і калі сустрэне ў дрымучым лесе вандроўніка, які заблукаў, выведзе яго на вялікую дарогу. Без Белуна цёмна ў лесе.

У час жніва ён любіць паяўляцца на нівах і нават дапамагае жнеям. Любіць Бялун і пажартаваць, але заўсёды па-дабраму, і робіць багатыя падарункі. Ён можа раптоўна з'явіцца ў жыце з вялікім мехам на носе. Высачыўшы добрага работніка ці работніцу, падзаве да сябе рукою і просіць уцерці яму нос. Як толькі чалавек дакранецца да носа, з меха рангам пасыплецца золата і Бог знікне. Пра такога шчасліўца беларусы кажуць, што ён пасябраваў з Белуном.

Белбог мае сына, які завецца Перуном.

Copyright © 2026. Главная | Контакты | Статьи | Ссылки

Tinkoff