| |
|
|
ПярунПярун— сын Белбога, захавальнік нябеснага агню. Гэта велічны, статны, высокага росту мужчына з чорнымі валасамі і доўгай залатой барадою. Седзячы на грамавых жорнах, якія нясуць Гарцукі, ён раз'язджае па небе. Пярун узброены молатам і лукам-вясёлкай са стрэламі-маланкамі. Стрэламі, пушчанымі з лука, ён забівае памагатых Чарнабога, якія нагрувашчваюць велізарныя хмары, каб закрыць сонца, сарваць месяц, сабраць у хмары пітво жыцця — ваду. Ударамі каменнага молата Пярун разбівае хмары, і апладняльная вада льецца на Зямлю. Памагатыя Чарнабога разбягаюцца і хаваюцца па ўсім Свеце, і тады Пярун пачынае на іх паляванне. Як Пярун кідае стрэлы-маланкі, дык усё баіцца, дрыжыць, нават дождж палохаецца і пачынае бы з вядра ліць. Маланкі-стрэлы бліскаюць не роўна, а касіцамі, бо Нядобрыя Духі хочуць ухіліцца, таму страла за імі ляціць умітуські. Стрэлы забіваюць, а агонь спальвае. Свае ўдары Пярун скіроўвае часцей за ўсё на горы, дзе звычайна збіраецца плойма Нядобрых Духаў. Нядобрыя Духі ведаюць, што Пярун любіць чалавека і беражэ яго, таму яны кідаюцца ў жытло людзей, каб схавацца там. Тады Пярун знішчае і жытло чалавека. За страты ад пажару ён багата ўзнагароджвае. Калі здарыцца, што страла трапіць у чалавека, то Бог узнагародзіць яго за тое ў будучым жыцці. Душа чалавека, забітага Перуном, адразу ідзе ў Вырай. У Перуна ёсць жонка. Гэта Багіня лета, якую завуць Цётка-Грамаўніца. Яна прыгожая, мажная, сталая жанчына, якая з'яўляецца беларусам на полі. Галава яе прыбрана спелымі каласамі, у руках спелыя плады. Служаць Перуну Духі-памагатыя — Гарцукі. У вольны час яны жывуць у вялікіх гарах. У час усходу і захаду сонца гуляюць па гарах. У поўдзень Гарцукі стралою носяцца на конях па палях і лясах. Ноччу, калі наступае час Чарнабога і яго памагатых, Гарцукі ў выглядзе розных драпежных птушак лятаюць у паветры, выконваючы даручэнні Перуна. Памагатыя Перуна — магутныя Духі. Гарцукі здольныя ўтвараць вятры, буры, віхуры. |