| |
|
|
Як Лесавік дзяўчыну вадзіўЯк Лесавік дзяўчыну вадзіў Была ў маці дачка. Неяк апоўдні пачала дачка прасіць есці і раззлавала матку. А ў поўдзень, маці, не лайся на сваё дзіця і не кляні яго, а дзіця не даводзь да лаянкі: ёсць такая хвіліна ў поўдні — што маці ні прагаворыць, то ўсё адбудзецца. Раззлавалася маці ды і кажа: — Ідзі ты к Ліху! Чаго ты да мяне прычапілася?! У адзін момант з'явіўся ў хаце Лесавік. Маці не бачыць Лешага, а дзяўчына бачыць яго. Узяў Лесавік дзяўчыну за руку і павёў з хаты. Папрыходзілі сямейнікі з поля палуднаваць, маці гукае і дачку, а тая не з'яўляецца. — Дзе ж яна дзелася? Яна ж тут была, з хаты пайшла нядаўна. Пагукайце яе: яна недзе тут на ваколіцы. Пачалі яны гукаць дзяўчыну — няма яе нідзе. Забалела ў маці сэрца, заплакала яна. Дзе ні шукалі дзяўчыну, у каго ні пыталі — ніхто не бачыў. Год прайшоў і другі прайшоў — няма дзяўчыны. Сем год дзяўчыны не было: вадзіў яе Лешы па лесе. Як жыла яна з Лесавіком гэтыя сем год, расказвала пазней. Чым яна сілкавалася? Дасць ёй Лешы губяшачку, а тая смачная такая. — Як з'ем, так да заўтра есці не хачу. Настане час адпачываць, прыйдуць яны на купінкі — ёй і мякка і цёпла. Хадзіў Лешы разам з ёю і па хатах. Прыйдуць на вяселле. Калі там ціха, сумна чагосьці, то з іх приходам, адкуль што возьмецца: пачынаюцца гульні, жарты, рогат. Толькі пройдуць міма стала — і песні, і шум, і гоман, маладыя цалуюцца. А ў хаце Лешы глядзіць, каб быў парадак. Калі што не ў парадку — дужа незадаволены. Калі хлеб з сеянай мукі прыгатаваны — паспрабуе яго, а калі з нясеянай — нават у рукі не возьме. Калі хлеб пасля абеду на лаўку кладуць, то таго ён таксама не паспрабуе. Яшчэ ж, людцы, муку трэба захоўваць прыкрыўшы. Звычайна яны бывалі ў двух дварах і вярталіся ў лес. — Стаім мы раз перад акном. Сядзіць маці над хворым дзіцяткам, а дзіцёнак крычыць — і ўдзень, і ўночы ўсё крычыць. — О, Божа літасцівы, прышлі чалавечка — каб ён калыхнуў нямножка ды хваробу зняў!.. Лесавік стаяў, слухаў, потым кажа: — Пойдзем, дзеўка, калыхнём дзіцёнка. Як ён увайшоў у хату, тры разочкі калыхнуў, дзіцё супакоілася і заціхла, дало маці паспаць. Праспаў пасля гэтага дзіцёнак тры дні. Прыходзім мы праз тры дні, а дзіцё зноў закрываецца. — Зойдзем, дзеўка, пакалыхаем яго зноў, пакуль жыццё яго не закончыцца: ён няшмат часу пажыве. Як мінула сем гадоў, дазволіў Лешы дзяўчыне вярнуцца дадому. Прывёу дахаты і адпіхнуў ад сябе. Стала яна бачнай для людзей. Кінулася дзяўчына маці на шыю, а тая стала, як бяроза белая. — Ажио, дачушка, ты мохам абрасла, і шматкі ад адзення прыраслі да целічка твайго!... Нахадзілася дачушка?!.. — Нахадзілася, вой нахадзілася, матуленька! Нічога, адышла дзеўка, але сур'ёзная, дужа сур'ёзная стала. Пачала варажыць і ўсім усю праўду гаворыць. За тое, што Лясун вадзіў яе, атрымала яна дар знахарства. |