| |
|
|
Паняцце міфа і міфалогііСловы «міф» і «міфалогія» ў сучасным беларускім грамадстве ўжываюцца з рознымі адценнямі і ў розных сэнсах, што часам вядзе да не заўсёды апраўданага пашырэння іх значэння. Гэта вынік таго, што большасць грамадства спасцігае міф праз вопыт, пачуццёвае пазнанне, а не праз навуковыя веды. Пытанне пра сутнасць міфалогіі, хвалюе і выклікае спрэчкі навукоўцаў ужо не адно стагоддзе. На гэтую тэму напісана вялікая колькасць прац, існуе шмат тэорый, якія даюць тлумачэнне міфалогіі як у цэлым, так і асобных яе элементаў. Амерыканскі вучоны I. Дуглас у працы пра дэфініцыі тэрміна «міф» прыйшоў да высновы, што ў яго столькі ж азначэнняў, колькі існуе вучоных, якія яго выкарыстоўваюць. Для прыкладу прывядзём некалькі найбольш супрацьлеглых азначэнняў міфа, дадзеных рознымі навукоўцамі. Міф — пасрэднік паміж чалавекам і яго жахамі (М. Эліядэ). Міф — алегорыя і іншаказанне (Ф. Бэкан). Міф — прымітыўная навука для тлумачэння абрадаў (Дж. Фрэйзер). Міф — байка (школа братоў Грым). Міф — гэта вобразы, зафіксаваныя ў слове, якія сталі здабыткам калектыву. Міф — рэальнасць... ён не прыдумка (А. Лосеў). Неабходна прызнаць, што паняцці міфа і міфалогіі займалі значнае месца ў сацыялогіі і культуралогіі XX ст. і захоўваюць гэтую значнасць сёння, на пачатку XXI ст. Слова «міф» выкарыстоўвалі яшчэ старажытныя грэкі, і з грэчаскай мовы mythos перакладаецца як слова, паданне, апавяданне. Самі старажытныя грэкі адзначалі шматзначнасць гэтага слова. Яно мела ў іх тры асноўныя значэнні: міф як слова, міф як эпас, міф як логас. У міфалогіях народаў свету шэраг тэм і матываў паўтараецца. Гэта дазваляе згрупаваць міфы па некалькіх катэгорыях: ♦ антрапаганічныя — міфы пра паходжанне (стварэнне) чалавека (першачалавека), міфічных першапродкаў народа, першай чалавечай пары і т.д.; ♦ блізнятныя — міфы, у якіх расказваецца аб дзейнасці міфалагічных герояў-блізнят, якія часта выступаюць у якасці родапачынальнікаў племені ці як культурныя героі. Вытокі іх прасочваюцца ва ўяўленнях аб звышнатуральнасці нараджэння блізнят. Ёсць міфы пра блізнят брата і сястру, але сустракаюцца і ўскладненыя міфы, дзе адзначаюцца іх кровазмяшальныя шлюбы; ♦ этыялагічныя — міфы, якія тлумачаць з’яўленне розных прыродных і культурных аб'ектаў, іх адрозненне адзін ад аднаго; ♦ касмаганічныя — міфы пра ўтварэнне Сусвету (Космасу) і яго складовых частак. Тут дзейнасць багоў адзначаецца як пераўтварэнне хаосу ў Космас, што з'яўляецца галоўным унутраным сэнсам любой міфалогіі на любым этапе яе існавання; ♦ астральныя — міфы аб зорках і планетах. Цэлыя сузор'і ўяўляюцца ў выглядзе жывёл, людзей. У склад астральных міфаў уваходзяць лунарныя і салярныя міфы;
|